Перайсці да зместу

Старонка:Карчма (1926).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



Кажа ён, што ёсьць Палясьціна…
— Ну, а як? Як заехаць туды?
На мяне погляд ласкавы кіне,
Нібы просіць — ратуй ад бяды!

Ну, а я — напавер дрызну шкалік
І здаецца — лягчэй у жыцьці…
Так парознаму долі шукалі,
Ды ня ведалі, дзе, як знайсьці.

Працавалі мужыцкія рукі,
А чужым аддавалі ўсе скарбы,
Над талмудам сядзеў Шлёма крукам, —
Мужыкі абзываць сталі — рабін.

— Па якой, — кажа Шлёма, — дарозе
Ты вандруеш, бядняцкае шчасьце?..
Ён падкову прыбіў на парозе,
У карчму адчыніў дзьверы насьцеж.

А жыцьцё апантана ляцела
Нада мной і над Шлёмавай крамай,
На сваім, на жыдоўскім целе
Загаіў не адзін ён шрам.