Перайсці да зместу

Старонка:Карчма (1926).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная



А мой шрам — заставаўся на сэрцы,
Шрам глыбокі і поўны крыві…
Загаіць я ня думаў да сьмерці, —
Мужыку — дзе там шчасьце злавіць!?

Сьвішча вецер… Хто ветра ушчуне?
Вецер хоча краіну узьняць.
Наша вёска ў карчме… і ня чуе, —
Там гуляньне і плач і грызьня.

Прабягаюць дзянькі за дзянькамі,
Словы Шлёмы шапчу я з натхненьнем:
— У цябе калі кіне хто камень —
Падымі і вазьмі ў кішэню.