Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каторы даваў пану права судзіць і накладаць кару на сваіх падданых ува ўсіх здарэньнях, па свайму ўласнаму пагляду. Гэты неясна формуляваны закон разглядаўся панамі так, што ён даваў ім права накладаць на мужыкоў вышэйшыя кары, а ў тым ліку і кару сьмерці.

Адным словам, тая соцыяльная крыўда, якая ў гэты час была ў шляхоцкай Польшчы, стала панаваць і ў Беларусі. Мужык ня мог знайсьці аніякай абароны ад пана. Змагацца з панам актыўна ён таксама яшчэ ня мог. І, ось, ён стаў шукаць спосабаў пасыўнага протэсту. Адным з такіх спосабаў было ўцяканьне са свае бацькаўшчыны да казакоў на Украіну.

Пасьля рэлігійнай вуніі 1596 году каталіцтва на Белаларусі была абвешчана дзяржаўнай верай, як ў Польшчы. Каталіцтва давала права да заняцьця вышэйшых урадовых пасадаў у Ліцьве і Беларусі. Рэформацыйны рух сярод паноў зьнік. Яго замяніла каталіцтва, каторая была для беларускай шляхты тым шляхам, каторы прыводзіў да вышэйшых пасадаў і да злучэньня з польскаю шляхтаю. Калі адбылася царкоўная вунія, то ўсім стала ясна, што яна мела не рэлігійны, а палітычны кірунак; што яна, таксама, была шляхам для пашырэньня каталіцтва і польскага ўплыву. Рэлігійнае пытаньне зьлілося з пытаньнем палітычным і нацыянальным, каталіцтва з польскасьцю. І да нашага часу астаўся гэты шкадлівы перажытак, калі мы і цяпер зьмешваем два разуменьні: паляк і каталік, (а рускі — праваслаўны). Лепшыя людзі Польшчы разумелі ўсю шкадлівасьць такога злучэньня пытаньняў рэлігійна-царкоўных з пытаньнямі палітыка-нацыянальнымі. Такім быў, напрыклад, ксёндз Калінка. У прадмове да жыцьця сьв. Езафата ён піша: „І да цяперашніх часоў сярод каталіцкага духавенства рэдка спаткаеш чалавека, што шанаваў-бы абрад і нацыянальнасьць таго народу, сярод каторага працуе. Ім здаецца, што зрабіць чалавека італьянцам, або французам, (а ў нас паляком), гэта найлепшы спосаб навярнуць яго. Гэта фальшывы пагляд. Усе народы створаны Богам, мілы Богу, ды ўсе яны, не трацячы свайго нацыянальнага пачуцьця, могуць прылучыцца да ўсясьветнай царквы. Хто аб гэтым забываецца, той сабе і справе веры шкодзіць, бо сее паміж усходнімі народамі думку, быццам каталіцтва — гэта толькі спосаб да дэнацыяналізацыі іх“.

Пасьля ўтварэньня вуніі, у народзе пачало расьці абурэньне, якога ня мог бачыць урад. Пры каранацыі Уладыслава IV (1632) Сойм павінен быў выдаць так званыя артыкулы для замірэньня народу, на астнове каторых прызнавалася легальнаю праваслаўная вера і праваслаўная іерархія. Але гэтае легальнае становішча інаверцаў — дысыдэнтаў, ня было пэўным. Чым далей, тым ўсё больш і больш губіцца