Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вялікая багацьце золата, серабра і дарагіх рэчаў была забрана ў Маскву. Шукаючы ратунку ад Масквы, Літва і Беларусь павінны былі думаць аб апоры ў Польшчы.

Польскім каралём і Літоўска-Беларускім гаспадаром быў у гэты час Жыгімонт III (II) Аўгуст. Ен быў ужо немалады і не спадзеваўся на патомства. Канчалася такім спосабам лінія Ягелёнаў, якая была сувязьзю паміж гаспадарствамі. Польскія палітыкі баяліся, што па сьмерці апошняга Ягелёна, Літва і Беларусь могуць абраць свайго асобнага гаспадара. Трэба было зрабіць сувязь паміж гаспадарствамі да скону караля. Жыгімонт таксама згадзіўся з гэтым. Пачаліся перагаворы.

Прадстаўнікі Літоўска-Беларускага гаспадарства і Польшчы мелі не аднолькавыя думкі аб злучэньні дзяржаваў. Літва і Беларусь хацелі зрабіць вунію, не касуючы незалежнасьці і самабытнасьці свайго гаспадарства. Па іх пляну ў кожнай старане павінен быць свой асобны сойм, некаторыя з літоўска-беларускіх прадстаўнікоў згаджаліся і на агульны для абедзьвюх дзяржаваў сойм, але ён павінен быў зьбірацца чаргова адзін раз ў Ліцьве і Беларусі, другі раз у Польшчы. Кароль павінен выбірацца і абвяшчацца тою і другою дзяржавамі асобна. Пасады ў кожнай дзяржаве даюцца толькі „тубыльцам“, ураджэнцам яе. Палякі стаялі за пяршынство Польшчы і за скасаваньне незалежнасьці Літвы і Беларусі: сойм павінен быць адзін, зьбірацца ён павінен у Польшчы і г. д. У сваіх прапазыцыях беларусы грунтаваліся на тых прывілеях, якія даваліся для Літоўска-Беларускай дзяржавы. Палякі грунтаваліся таксама на асабістых граматах гэтых самых гаспадароў, як каралёў Польшчы, прычым былі такія граматы, якія паніжалі правы Літвы і Беларусі. Пры гэтым яны падкрэсьлівалі, што ў Польшчы былі каралі, а ў Ліцьве і Беларусі вялікія князі, каторыя па тытуле ніжэй каралёў. Перагаворы ня прыводзілі да згоды. Ужо і тады некаторыя з вяльможаў прыкмецілі, што беларусы, ліцьвіны і палякі ніколі дабром ня згодзяцца, што згадзіць усіх іх немагчыма так, як немагчыма пераканаць гэбрэя на аснове новага тэстамэнту.

Для канчаткавага выяўленьня пытаньня быў вызначаны сойм у Любліне на 23-е сьнежня 1568 году. Літоўска-беларускія паслы зьбіраліся памалу. Больш-менш значная большасьць іх сабраліся толькі на 10 студзеня 1569 году. Ніводная з старон не хацела паступіцца сваімі думкамі. Бачучы, што ня можна даступіцца да ладу, літоўска-беларускія дэпутаты разьехаліся па хатах. Тады палякі, апіраючыся на тым, што ўкраінскія землі: Падлесьсе, Валынь, Падолія, некалі былі далучаны да Літоўска-Беларускага гаспадарства продкамі Ягайлаў, прасілі апошняга Ягелёна дараваць гэтыя землі Польшчы. Жыгімонт так і зрабіў. Даведаўшыся