Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Часта, на падставе грамат, гораду давалася ня толькі права суду, але і права самакіраваньня. Горад адгараджваўся ад вёскі, мяшчане выдзяляліся ад служылай шляхты і ад сялянства, гуртуючыся ў асобную соцыяльную клясу, у асобны стан. Гандляры разьбіваліся на гілды, ці на сотні, рамесьнікі на цэхі, — і горад пачынаў жыць добра вядомым нам жыцьцём заходняга гораду. Не дарма гэтае права называлася нямецкім.

Вольнае вясковае сялянства Полацкай Русі таксама ў гэты пэрыяд павінна было перажыць некаторыя перамены. Яшчэ і раней адчувала яно на сабе цяжкую руку капіталіста-земляўласьніка, пападаючы ў эканамічную ад яго залежнасьць. Гэтая залежнасьць з цячэньнем часу пасілялася, і вольны селянін траціў сваю волю. Потым, калі фармаваўся служылы стан, гаспадары давалі прадстаўніком яго, замест пэнсіі, зямлю, каторая была выраблена і заселена сялянамі. Селянін, у такім выпадку, ужо ня быў юрыдычным, а толькі фактычным уласьнікам свайго кавалачка зямлі, бо права юрыдычнай уласнасьці адыходзіла да служылага чалавека. На гэтага юрыдычнага гаспадара селянін ужо павінен быў рабіць асобныя аплаты і выпаўняць павіннасьці. Яны ня былі цяжкімі ў старажытныя часы. Юрыдычны ўласьнік баяўся, што вольны селянін пяройдзе на зямлю другога ўласьніка, ці на зямлю, незанятую зусім, ратуючыся ад цяжкасьці жыцьця. З першай палавіны ХV стагодзьдзя ўжо пачынаецца ўціск над вольным селянінам. Служылая кляса і праўдамі і няпраўдамі пачынае змагацца з правам селяніна на вольны выхад. Гэтае змаганьне прывяло да таго, што лік вольных сялян усё зьмяншаецца; селянін усё болыш і больш прывязваецца да зямлі, служылы шляхціч ужо не баіцца, што ад цяжкасьці павіннасьцяў ён пераменіць месца працы. А гэтая сьмеласьць развязвае шляхцічу рукі і пасіляе яго клясавы апэтыт на працу паднявольнага селяніна. Адным словам, у гэты пэрыяд гісторыі Беларусі закладаецца грунт для будучай мужыцкай няволі і прыгону. Косьці служылага шляхціча ўсё бялеюць і бялеюць, а мужычая косьць пачынае чарнець, каб даць у будучы пэрыяд прадстаўнікоў дзьвёх пародаў людзей: белай і чорнай косьці.