Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пачынаючы з Ягайлы, давалі шляхэцтву прывілеі. Найраней гэтае кляса выдзяліла з свайго складу асобную раду паноў, сэнат, каторая мела права кантролю над гаспадаром. У палавіне ХV стагодзьдзя шляхта вызвалілася ад усялякіх дзяржаўных падаткаў, апроч тых, на якія яна сама згодзіцца. Гаспадары, калі мелі патрэбу ў грошах, павінны былі склікаць прадстаўнікоў шляхты і ад іх дастаць згоду на аблажэньне шляхты падаткамі. Адсюль і пачаліся зьезды, ці соймы шляхты, на каторых абгаварваліся ня толькі грашовыя пытаньні, але і палітычныя. Стан, каторы захапіў у свае рукі ўладу, лятуцеўся як мага адгарадзіць сябе ад другіх станаў. Польскі ўплыў яшчэ больш усільваў шляхту. Фэодалізм, прышоўшы з Захаду праз Польшчу, прынёс ім правы заходняга рыцарства. Гэтыя „вольныя, добрыя, хрысьціянскія правы, як у кароне польскай“ нясуць злую няволю другім станам гаспадарства, асабліва сялянам.

Горад Полацкай Русі быў цэнтрам, да яго цягнула вёска. Веча гораду мела ўплыў на жыцьцё прылягаючай да яго тэрыторыі. Калі пачалі гуртавацца станы Літоўска-Беларускага гаспадарства, частка лепшых людзей гораду ўвайшла ў склад шляхоцкага стану. У мяшчанскім стане асталіся гандляры, прыказчыкі, рамесьнікі і земляробы гарадзкога району. Вёска аддзялілася ад гораду, а горад ад вёскі. Горад заняўся будоўляй не агульна валаснога жыцьця, а свайго мясцовага. Усё гэта зрабілася, дзякуючы пашырэньню ў Беларусі нямецкага Майдэборскага права, каторае прышло сюды праз Польшчу[1]. Вечы, асабліва ў першыя часы, яшчэ зьбіраюцца, але яны гавораць не да воласьці, а толькі да места. Толькі на поўдні гаспадарства доўга дзяржаўся старажытны звычай. Тут веча зьбірае на свае сходы ня толькі жыхароў гораду, але і жыхароў ваколіцы, вясковае сялянства. Тут доўга яшчэ захоўваецца мяшчанска-сялянскае самакіраваньне: старшыні, абраныя вечам, зьбіраюць дань, раскладаюць паміж жыхарамі абавязковыя работы, чыняць суд па ўсіх справах. Але і на поўдні, з цячэньнем часу, у гарадох пачынаюць уводзіцца новыя парадкі і звычаі, згуртаваныя на нормах Майдэборскага права. Сутнасьць яго была гэткая. Гаспадар выдаваў гораду грамату, катораю забясьпечваліся за мешчанскаю грамадою права суду над жыхарамі места, вольнасьць гандлю і гандлёвых збораў і г.д. За гэтыя правы горад павінен быў плаціць гаспадару ўмоўленыя налогі. Літоўска-Беларускім гаспадаром, каторыя часта мелі брак ў грошах, было карысна выдаваць такія граматы. З другога боку дараваьне права было карысна і для гарадоў. Яны, дзякуючы граматам, вызваляліся ад часта нежаданага ўплыву на жыцьцё гораду ўрадовых прадстаўнікоў і іх уціску.

  1. Гэтае пытаньне яшчэ як належыць не дасльеджана.

    Рэд.