Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

беларускія арыстократычныя фаміліі, як Радзівілы, Зяновічы, Валовічы, Кішкі, Глябовічы, і інш., сталі хутка кальвіністымі. За імі цягнуліся і дробныя людзі. Але ўсё гэта ня было грунтоўнай, важкай справай. Як толькі настала потым рэакцыя і пачаўся сільны польска-каталіцкі ўплыў, усе яны зрабіліся шчырымі палякамі і пакорнымі сынамі каталіцкага касьцёлу.



Соцыяльны склад грамадзянства.

Грамадзяне Полаччыны складалі наагул, дзьве соцыяльныя клясы. З аднаго боку стаялі лепшыя людзі, прадстаўнікі гандлёвага, прамысловага і зямельнага капіталу. З другога боку стаялі меншыя людзі, прадстаўнікі працы. Гэтыя дзьве клясы ня былі яшчэ яўна азначанымі станамі і злучаліся паміж сабою прамежнымі групамі, але ўсё-ж такі ў аснове кожнага з гэтых двох станаў быў як-бы нейкі асяродак. Валасныя князі са сваімі дружынамі стаялі асобна ад гэтых клясаў і, гледзячы па ўмовах жыцьця, станавіліся на бок ці тае, ці другое клясы. Пэўна, Беларусь не магла застанавіцца на гэтых формах соцыяльнага жыцьця. Ідзе новая формацыя станаў пад ўплывам эканамічна-палітычнага разьвіцьця гаспадарства і пад уплывам, праўда, пакуль што невялікім, Польшчы.

Тыя войны, якія гаспадарству трэба было вясьці, раней з Немцамі, потым з Маскоўскім гаспадарствам, павялічылі лік і важнасьць князя і яго дружыны. Дружыньнікі за сваю вайсковую службу дастаюць, як пэнсію, зямлю, — і робяцца такім спосабам земляўласьнікамі. Гэты факт збліжае іх з лепшымі людзьмі Полаччыны. Баяры, служылы элемэнт людзей лепшых, таксама пачынаюць гуртавацца з быўшымі дружыньнікамі. Будуецца агульны служылы стан, каторы потым убярэ ў свой склад амаль-што ня ўсіх лепшых людзей. Сюды не ўвайшлі прадстаўнікі чыста гандлёвага капіталу, каторыя злажылі асобную клясу. У служылы стан увайшла, у пачатку пэрыяду, частка лепшых людзей. Гэта былі тыя вясковыя земляробы, каторыя нясьлі вайсковую службу ці ў князя, ці ў баяраў. Склаўся такім спосабам вялікі служылы стан земляўласьнікаў, прадстаўнікі каторага ў першай палавіне пэрыяду называліся баярамі і зямянамі. У Полацкай Русі назоў баярына мелі толькі вярхі вышэйшае клясы, але з цячэньнем часу гэты тытул панізіўся і пад баярынам сталі разумець дробнага, служылага чалавека. У другой палавіне пэрыяду для служылага стану знайшоў пашырэньне тэрмін „шляхецтва, шляхта“, прышоўшы на Беларусь з Польшчы. Шляхта паступова даставала ўсё большыя і большыя правы. Літоўска-Беларускія гаспадары, ужо