Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вялікія літары ў кнігах Скарыны ўсе прыгожыя, усе штучна ўбраны. Тут ёсьць і галінка і лісьцьці, і краскі, і зьвяры. Ёсьць тут і герб роду друкара: сонца і поўмаладзік, злучаныя разам. На бібліі намалёван і партрэт Скарыны. Друкар сядзіць за сталом і піша; з левага боку ад яго згружаны фоліянты і кнігі; над галавою намалёваны фамілійныя гербы тых мэцэнатаў, якія рабілі матэр’яльную і моральную дапамогу яго працы; з правага боку на зямлі стаіць плецены кошык, падобны да якога і цяпер магчыма спаткаць у вёсцы нашай бацькаўшчыны.

Пісьменства ў беларускай мове асабліва пашырылася з палавіны ХV стагодзьдзя. Праўда, вышэйшыя станы гаспадарства ўжо пачалі вучыцца лацінскай і польскай моваў, але сярэднія станы (сярэдняя і дробная шляхта, мяшчане), і ніжэйшы стан пішуць, чытаюць і гавораць выключна толькі ў роднай мове. У грамадзянстве істнуе вялікае запатрэбаваньне на беларускую кнігу. Каб здаволіць гэтую кніжную патрэбу, істнуе шмат друкарняў. Друкарні раскідаліся па ўсей Беларусі, па вялікіх і малых гарадох. Мы можам назваць друкарні ў такіх мястах, як — Вільня, Полацак, Менск, Магілёў, Несьвіж, Любча, Заслаў, Слуцак, Пінск, Заблудава, Супрасьль, Еўе і г.д. Кніжная праца ідзе жвавым шагам.

У пачатку ХVІ стагодзьдзя на Захадзе паўстаў рэформацыйны рух. Хутка ён перакінуўся і на Беларусь. На Беларусі пачалі пашырацца лютэранства, кальвінізм, антытрынітарства, арыянства, соцыянізм і другія рэлігійныя навукі рэформацыі. Рух Рэформацыі абудзіў і тут, як і на Захадзе культурна-нацыянальныя пытаньні. Яны падняліся, як у нас, так і ў Польшчы. У Польшчы зьявіўся гурток так званых рэформістых, каторыя, паміж іншым, паднялі пытаньне аб нацыянальнай царкве з набажэнствам у польскай мове. З такіх рэформістых мы павінны назваць, напр., Маджаеўскага і Асалінскага. У Беларусі ідэі рэформізму праводзілі ў жыцьцё Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Цяпінскі ператлумачыў на беларускую мову Эвангельле. У прадмове да свайго Эвангельля ён бядуе аб тым, што некаторыя з беларусаў „у польскія школы, або ў іншыя сябе і дзеці свае без встыду заправуюць“. Трэба ўсё-ж такі ад’значыць, што і ў Польшчы, і ў Беларусі рэформацыя не зрабілася нацыянальнай справай, як напрыклад, у немцаў, швайцарцаў і другіх народаў. У нас ня было сваіх Лютараў і Кальвінаў. Ня спусьцілася рэформацыя ў Беларусі ў народныя нізы, не абурыла соцыяльных пытаньняў і не дала, як у Нямеччыне, абаронца мужычых правоў — Тамаша Мюнцара. Рэформацыя стала, як-бы рэлігійнай фрондай. Знатныя фаміліі прыймалі лютэранства і кальвінізм, як нешта новае, цікавае. Асабліва пашырыўся кальвінізм. Такія, напрыклад,