Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гадоў зьявілася ў Кракаве (1483 г.) першая друкованая беларуская кніга — Цьветная Трыодь, а праз 8 гадоў яшчэ (1492)[1] таксама ў Кракаве, другая кніга Актоіх. Друкованая беларуская біблія зьявілася ў 1517 годзе. Раней за яе выйшлі з друку толькі нямецкая біблія (1445 г.) і чэская біблія (1488 г.)[2]. Што датычыць да Масквы, то там першая друкованая руская кніга, Апостал, зьявілася толькі ў 1573 годзе, на 60 гадоў пазьней за першую друкованую беларускую кнігу. Вельмі рана зьяўляюцца і беларускія друкарні. У Кракаве беларуская друкарня пачала працаваць у 1483 годзе, польская на 22 гады пазьней, у 1505 годзе; у Вільні беларуская друкарня істнуе з 1525 году, а польская з 1576 году, на 51 год пазьней. У Маскве друкарня пачала працаваць з 1563 году, на 80 гадоў пазьней за беларускую друкарню. Да усіх гэтых цыфраў нам ня трэба нічога дадаваць, бо яны гавораць самі за сябе.

}Беларуская друкарская справа зьвязана з імем першага беларускага друкара, Францішка-Юрыя Скарыны. Ён быў родам, як сам казаў, „з слаўнага горада Полацку“ з заможнай гандлярскай фаміліі. У 1506 годзе ён скончыў кракаўскі унівэрсытэт па філёзофскім факультэце. Не здаволіўшыся гэтай адукацыяй, Скарына паехаў у Заходнюю Эўропу, дзе таксама скончыў адзін з ўнівэрсытэтаў у Падуі, але ўжо па мэдыцынскім факультэце, дастаўшы ступень доктара. На нейкі час ён задзержаўся ў Празе і тут пачаў сваю чыннасьць па перакладу на беларускую мову і па выданьню кнігаў. Каля 1525 году доктар Скарына перабраўся ў Вільню, дзе займаўся тою самаю працаю. Скарына ўжо ў той час зразумеў, што лацінская мова, а таксама і стара царкоўна-славянская мова ня могуць здаволіць шырокіх колаў грамадзянства. Адчувалася ўжо патрэба ў кнігах, якія былі-б напісаны ў простай, штодзеннай размоўнай мове. Вось Скарына і прыняўся за пераклад кнігаў сьвятога пісаньня і кнігаў набажэнства на сучасную яму беларускую мову, каб гэтыя кнігі былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям. Свае выданьні ён ахвяраваў „людзям простым паспалітым“. Скарынам былі ператлумачаны і выданы: біблія, канонік, псалтыр ды малая падарожная кніжка. Апроч каштоўнасьці працы Скарыны з пагляду культуры, трэба ад’значыць каштоўнасьць гэтай працы і з боку хараства. Усе кнігі выданы вельмі прыгожа. Шрыфт яго выданьняў непадобен на другія славянскія шрыфты яго часу. Яўна, што шрыфт быў зроблены па малюнку самога Скарыны, які даглядаў ня толькі за тым, каб літара была — лёгка чытана, але і затым, каб яна здаволіла чытача і з боку хараства.

  1. Аб гэтых гадох ідзе яшчэ спрэчка.

    Рэд.

  2. Гэта трэба лічыць абмылкай, зусім пэўнай.

    Рэд.