Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прывілеі, выданыя Казімерам I, ляглі, як грунт констытуцыі гаспадарства. Вялікі князь Аляксандар, наступнік Казімера, упісаў абавязкі, наложаныя на гаспадара, у сваю констытуцыйную карту. Далейшыя гаспадары гэтыя свае абавязкі пацьвярджалі. Прыймаючы пад увагу ўвесь зьмест вышэйпаданага юрыдычнага акту, мы павінны ад’значыць, што характар улады гаспадарства Літоўска-Беларускага быў непадобны да характару ўлады дзяржаўца Маскоўскага гаспадарства, дзе ў гэты час вырастала і ўкраплялася тое самаўладзтва, якое ня прыймала на сябе аніякіх юрыдычных абавязкаў і ня лічылася з правамі станаў.

Праз 11 гадоў (1468) Казімер Ягайлавіч выдае другі дзяржаўны акт, таксама ў беларускай мове, вядомы пад назовам Статуту, або Судзебніка. Гэты Статут мае практычную мэту — даць дзяржаўным судзьдзям як-бы падручнік, кіраўніцтва для судатварэньня. Да гэтага часу вялізарная наша бацькаўшчына ня мела аднаго агульнага кодэксу і гэта шкодзіла справе суда ў гаспадарстве. Суд па асобных краінах тварыўся на аснове вуснага, звычаёвага права, каторае складалася з мясцовых звычаяў, прыгавораў больш популярных, вядомых судзьдзяў, — і далёка не заўсёды гэтыя матэр’ялы былі запісаны. Адсюль вынікалі, як непаразуменьні, так і злоўжываньні ў судовых справах. Парадзіўшыся на сойме ў Вільні з панамі і князямі, Казімер і выдаў вышэйпаказаны кодэкс для ўсяго гаспадарства. Поўным, зусім дагаджаючым усяму складу жыцьця, гэтага кодэксу прызнаць немагчыма. Ен амаль што выключна сабраў у сябе нормы ўгалоўнага права, у якіх адчувалася найвастрэйшая патрэба. Найбольш апрацаваны артыкулы аб забойстве і зладзействах. Хоць і мала, але ўсё-ж такі ёсьць у Статуце Казімера артыкулы, датычныя і грамадзянскага права. Так, напрыклад, тут закрануты пытаньні аб копных, межавых спрэчках паміж суседзямі, аб удзержаньні ў добрым стане шляхоў, мастоў, аб абароне лесу і г. д. Цікава ад’значыць, што ўжо ў той далёкі ад нас час Літоўска-Беларускі ўрад зразумеў ўсю карысьць зьездаў судных, на якіх магчыма выявіць паўней, яўней запутаныя судовыя пытаньні. Судзебнік Казімера ўспамінае аб зьездных судох. Трэба таксама ад’значыць, што кодэкс 1468 году і ў тэрміналёгіі і ў зьмесьце многіх артыкулаў вельмі падобны да старакіеўскага зборніка „Рускай Праўды“. Гэтыя старыя традыцыі ў зборніку літоўска-беларускім захоўваліся нават больш, чым у зборніках маскоўскай дзяржавы. Першы пасьля „Рускай Праўды“ зборнік у Маскве зьявіўся пры Іване III, калі з ростам гаспадарства, зложанага з розных земляў, вырасла патрэба і ў аднастайных законах. Іван III даручыў працу над кодэксам дзяку Гусеву. Калі кодыфікацыя была зроблена, Іван з баярскаю Думаю разгледзелі працу і зацьвердзілі яе ў 1497 годзе. Гэта нам дакладна даводзіць, што першы