Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ваяўніцкі гвалт і ўціск ня можа прыпыніць сільнага культурнага руху. Культура пэрыяду Літоўска-Беларускай дзяржавы носіць яўна-выразны беларускі кірунак і робіцца ў беларускай мове. Наша мова ў гэты час ёсьць ня толькі мова ўраду, але і мова навукі і культуры. Хоць шлях для польскай культуры і мовы шырока адчынены вуніяю 1386 году, тым ня менш польскі ўплыў ня можа пакуль што змагацца з самабытнаю, узросшаю на добрым мясцовым грунце, беларускаю культураю. Архівы захоўваюць да нашага часу вялікае багацьце памяткаў беларускай культуры гэтага пэрыяду.

З гэтых памяткаў асабліва цікавы для нас юрыднчныя дакумэнты, каторыя найбольш сьведчаць аб вышыні культуры нашых продкаў. Мы тут назавём некаторыя з такіх дакумэнтаў.

Пры Казімеры I Ягайлавічы ў 1457 годзе была выдана грамата, вядомая пад назваю „Земскія прывілеі Казімера“. Гэты акт датычыць жыцьця ўсіх земляў гаспадарства, ён напамінае нам сваім зьместам ангельскі акт ХIII стагодзьдзя, вялікую карту вольнасьцяў. Тут забясьпечваюцца правы, як асобы, так і маетнасьці князёў, баяр, служылай шляхты і нават, мяшчан. На аснове прывілеяў ніхто з іх ня можа быць пакараны толькі па тайным ці яўным даносе, або па падазрэньні: раней ён павінен быць пацягнены да суду. Кожны нясе адказнасьць толькі за свае віны: жонка, напрыклад, не караецца за праступак свайго чалавека, бацька за праступак сына і г. д. Кожны мае права вольнага выхаду за граніцу гаспадарства. Для служылай шляхты былі забясьпечаны права валаданьня і распараджэньня іх дзядзічнымі дворамі. Сяляне, судзячы па прывілеях, ужо ня ёсьць вольны стан дзяржавы, як гэта было раней; правы пана над імі пашыраны. У зьвязку з гэтым яны высвабаджаюцца ад беспасярэдніх фінансава-матэряльных дзяржаўных абавязкаў, апроч рэмонту дарог і мастоў; паміж імі і дзяржавай становіцца пан. Асобныя абавязкі наложаны і на гаспадара дзяржавы; вялікі князь, напрыклад, ня мае права памяншаць межаў Літоўска-Беларускага гаспадарства. Апроч таго, цікавы яшчэ 15 артыкул прывілеяў. На грунце гэтага артыкулу забараняецца людзям чужых народнасьцяў займаць урадовыя пасады ў гаспадарсцьве і купляць зямлю. „У тых землях нашых, таго вялікага княства, зямель, гарадоў, мест, а з каторых кольвек урадаў і дзядзіцтв удзержаньня, або достойнасьцей, не мается даваті жаднаму чужаземцу, але толькі тубыльцом тых земель маем даваті мы і потомкі нашыя“. Гэтыя пункты, наложаныя на вялікага князя, маюць на ўвазе той факт, што гаспадар Літоўска-Беларускі ёсьць разам з тым і кароль Польскі. Яны ахоўваюць Літву і Беларусь ад палітычных і эканамічных жаданьняў Польшчы.