Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

уцякаючы ад татарскіх пагромаў, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, дзе пачаў будавацца Маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, выйшлі і сільнейшыя князі, і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для свае працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей Кіеўскі князь ня мог тут дзяржацца, як самаўладны, незалежны ўласьнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя Літоўска-Беларускага, каторы меў сілу абараніць поўдзень ад татараў.

Не здавольваючыся паўднёвымі украінскімі валасьцямі, Альгерд жадаў зацьвярдзіць свой палітычны ўплыў і на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам палітыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыяд гісторыі Беларусі таксама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго, Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно жадала схіліць у свой бок, напрыклад, Цьверскае княства, паддзержваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе рос сільны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была таксама, як і Масква, бараніць свае гаспадарства ад татараў. Яшчэ амаль-што за 20 гадоў да вядомай нам Кулікоўскай бітвы, ў 1362-м годзе Літва і Беларусь, злучыўшы ўсе свае сілы, выйшла на спатканьне татараў на паўднёвую граніцу. Адбылося страшэннае збойства на Падолі. Ня гледзячы на вялікі лік і сваю храбрасьць, татары былі разьбіты, — і, пакінуўшы на месцы многа трупаў, здабычы і палонных, уцяклі на паўднёвы ўсход. Пад уплывам страху татары доўга сюды ня прыходзілі, і паўднёва-заходнія землі, такім спосабам, мелі цяпер магчымасьць эканамічна і культурна разьвівацца, забясьпечаныя ад страшнага ворага.

Такім спосабам з быўшых раскіданых заходня-славянскіх земляў у злучнасьці з Літвою злажылася гаспадарства. У гэтым гаспадарстве на кожным шагу мы бачым працу нашых бацькоў. З гандлёвай Полаччыны прышоў сюды капітал і пачаў зноў зьбіраць для эксплёатацыі працу мазольных рук. Вясковая старажытная Літва будуе ў сябе гарады і яны пачынаюць жыць жыцьцём старых гарадоў Полаччыны і Кіеўшчыны. Некаторыя з гарадоў акружаюцца мурамі, украплаяюцца замчышчамі. Войскі гаспадарства добра ўзброены і добра ведаюць ваяўнічае штукарства, каторае таксама прыйшло сюды з Полаччыны. Жыхары маюць добрую арганізацыю. Нам, напрыклад, вядома, што яны бароняць свае гарады па правільнай чарзе, праз колькі месяцаў кожная