Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

змагаючыся з Яцьвягамі, забіў 40 яцьвяжаскіх князёў. Нам патрэбна выясьніць, кім былі гэтыя ліцьвінскія кунігасы, ці рыкасы, якую яны мелі ўладу і моц. Мы мала можам адказаць на гэтае пытаньне. Усё-ж такі вядома, што ўлада ліцьвінскіх князёў пашыралася на нязначныя па тэрыторыі вясковыя ваколіцы, але ў гэтым невялікім абшары яны кіравалі зусім самастойна і незалежна адзін ад аднаго. Паміж імі часта адбываліся хаўрусы, а яшчэ часьцей ішло змаганьне з прычын чыста мясцовых ці радавых; іншы раз яны злучаліся для якога-небудзь хаўруснага паходу на суседзяў. Магчыма думаць, што некаторыя кунігасы былі проста патомкамі радавых старшыняў, другія абіраліся асобнымі патрыярхальнымі обшчынамі для таго, каб стаць на чале іх у цяжкі час барацьбы з другімі такімі-ж абшчынамі; трэйція прышлі з боку і сілком накінулі сваю ўладу, скарыстаўшы ці сваю выдатнасьць і вядомасьць, ці цяжкае і гаротнае становішча асобнай літоўскай групы. Часам з летапісаў магчыма бачыць, што асобныя літоўскія князі зьбіралі вакол сябе ахвотнікаў да збойства, арганізавалі нешта падобнае да славянскае і гэрманскае дружыны і рабілі напады на суседнія землі. Нават такі багаты і магутны горад, як Рыга ня мог сябе лічыць бясьпечным ад нападу літоўскіх князёў.

У ліцьвіноў доўга дзяржалася паганская вера, бо, дзякуючы асобнасьці свайго грамадзянскага і палітычнага жыцьця, яны ня мелі ніякіх шырокіх зносінаў з народамі хрысьціянскай рэлігіі. Нават у ХІІІ-м стагодзьдзі, калі ўжо ўсе народы навокала ліцьвіноў прынялі хрысьціянскую веру, яны, як і раней былі паганскім народам. Ліцьвіны, як раней і славяне, лічылі, што ўся прырода заселяна багамі, і кланяліся сілам прыроды. Сілы прыроды жылі ў зьявах і рэчах прыроды, ў зьвярох і г. д. Як і ўсе арыйцы, ліцьвіны асабліва паважалі і кланяліся жыватворчаму агню ўва ўсіх яго зьявах і формах, лічучы агонь наймагутнейшай божаскай сілай. Найгалаўнейшым богам лічыўся пан маланкі і грому Пэркунас, падобны да ўсходня-славянскага Пяруна і нямецкага бога-грамаўніка Тора. Апроч яго ліцьвіны кланяліся другім багом, у асобе каторых бачылі асобныя сілы акружаючай іх маткі-прыроды. Наагул кажучы, рэлігія ліцьвіноў была дужа падобна да паганскае веры ўсходніх славянаў.

Да нашага часу многія падручнікі кажуць аб тым, што ў ліцьвіноў паганскага часу істнавала добра арганізаваная жрэцкая іерархія, на чале якой стаяў нейкі старэйшы жрэц, якому даюць назоў Крыва-Крывэйта, і быў ня толькі першай духоўнай уладай у ліцьвіноў, але меў і вышэйшую сьвецкую ўладу. Усё гэта ёсьць чыстае непаразуменьне. Грунтуецца яно на хроніцы канца ХІІІ стагодзьдзя Пётры