Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Другі пэрыяд гісторыі Беларусі.
(ХІІІ–XVI ст.).




Як мы ад’значылі раней, Полацкая Русь за ўвесь час свайго істнаваньня вяла амаль што небесперарыўнае змаганне з Русьсю Кіеўскай. На гэтую барацьбу трацілася шмат сілы і кошту, гінулі людзі, руйнавалася ўсё тое, што было здабыткам цяжкай працы. У хатнім жыцьці краю, таксама, пачынае нарастаць нешта шкадлівае. Ідзе змаганьне дзьвюх соцыяльных клясаў грамадзянства: людзей лепшых — эканамічнай і палітычнай арыстократыі — з аднаго боку і, людзей меншых, подлых — працавітай беднаты — з другога боку. Гэтая барацьба таксама руйнуе палітычнае жыцьцё краю. Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што пашлі спрэчкі паміж гарадамі і прыгарадамі, паміж асобнымі князямі, паміж асобнымі валасьцямі. Стала цяжка жыць у Полаччыне. Людзі розных станаў грамадзянства, шукаючы лепшых умоваў жыцьця, ці проста жадаючы выратаваць сваю галаву і маемасьць, уцякаюць з краю. Ідзе эміграцыя, каторая яшчэ больш нішчыць зруйнаваны край. Гэтая эміграцыя найчасцей кіруецца на захад, у Літву. Бягуць прадстаўнікі розных груп грамадзянста. Ад сыстэматычнага ўціску мясцовага капіталу бяжыць на чужыну бедната. Капітал баючыся ўзрыву народнай помсты, таксама пэўным крокам ідзе ў непачатыя куты Літвы. Туды-ж бяжыць і князь з дружынаю, выгнаны з Полаччыны ці вечам, ці князям — родзічам, ці князем — чужынцам. Абжыўшыся ў Ліцьве, набраўшы ў сваю дружыну ліцьвіноў, вяртаецца часамі гэты князь зноў у Полаччыну, каб зрабіць помсту і ўзяць назад адабранае. Часта ў канцы ХІІ-тага і ў пачатку ХІІІ-тага стагодзьдзя маёнткі князёў Полаччыны бываюць ліцьвінскія. Эміграцыя ў Літву, шкадлівая для Полаччыны, пайшла на карысьць Літве. Там пачынаецца нейкі рух, як палітычны, так і культурны. Літва пачынае яднацца, пачынае будаваць гаспадарства. Аб’яднаўшы сябе, яна будзе потым рабіць