Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а от Царя-города прити в Понт-море, в него-ж втечет Днепр река“.

Калі мы на географічнай карце пройдзём па шляху,які апісан тут, то пабачым, што летапісец добра ведае „великий водный путь“, — гандлёвую артэрыю краю. Гэта — пэўна вялікі шлях, які цягнецца на некалькі тысячаў вёрстаў. Ен апаясвае з заходу ўсю Эўропу па морах і Атлянтычнаму акіяну і перарэзвае ўсходнюю Эўропу па рэках з паўдня на поўнач. На гэтым шляху ляжыць шмат дзяржаваў, шмат гандлёвых прыморскіх і прырэчных цэнтраў. Народ, пануючы на гэтым шляху, ёсьць — норманы-варагі, каторых добра ведаюць усе народы таго часу. Норманы — і гандляры і ваякі. Гэта дала ім магчымасьць быць першымі на шляху. Дзе можна, яны — першыя розумам і досьледам гандляра, дзе ня можна, яны — першыя сваею зброяю і фізычна-ваеннаю сілаю. Добра ведаюць норманаў-варагаў і ўсходнія славяне. Калі яны клічуць іх на сваю зямлю для арганізацыйнай працы, „княжыць і валадзець“, то абмылкі ня робяць.

Вялікі гандлёвы шлях багаціў тыя землі, праз якія праходзіў, у тым ліку і Русь Полацкую. У Полаччыне была важная частка шляху. Справа ў тым, што паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной, а таксама і паміж Заходняй Дзьвіной і Ловацьцю былі волакі. Тут водны шлях перарываўся, тавары трэба было перагружаць, пераладоўваць і „валачы“ па сушы. У такіх мясцох тавар задзержваўся, а ўкола тавару задзержваліся людзі і іх праца. Волакі былі месцам складаў тавараў, зграмаджэньня гандляроў, і разам з гэтым і капіталу. Капітал, у сваю чаргу, цягнуў да сябе тых людзей, якія шукалі заробку. Усё гэта рабіла волакі цэннымі пунктамі для тэрыторыі. Апрач таго у Полаччыне водны шлях разыходзіўся. Адзін яго кірунак ішоў на поўнач; гэта той кірунак, які апісаны ў летапісу. Другі яго кірунак ішоў на захад, па Заходняй Дзьвіне да Рыскай затокі і значна скарачаў дарогу ў Заходнюю Эўропу. Гэты факт таксама быў карысны для Полаччыны, бо даваў ён як-бы двохкалейны шлях замест звычайнага аднакалейнага.

Усё вышэйпаданае значна пашырыла гандлёвыя звароты Полаччыны параўнаўча з іншымі тэрыторыямі. Тут было шмат багатых гарадоў, найбагацейшымі з якіх былі Смаленск і Полацак. Смаленск панаваў на паўночнай галіне воднаго шляху, а Полацак на заходняй. Апроч іх, мы ведаем шмат другіх гарадоў, каторыя былі, хоць і ня так багаты, але ўсё-ж такі концэнтравалі вакол сябе значныя гандлёвыя звароты, напр. Менск, Віцебск, Усьвят, Тураў і інш. Усходнія тавары па водным шляху праз гарады Полаччыны йшлі на поўнач і на захад — у Наўгародзкую Русь, да латышоў, фінаў і немцаў; з захаду тавары йшлі на ўсход і на