Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

плакалі, бягучы за зьняважаным богам і крычалі: „выдыбай, божа!“ Потым князь запатрабаваў, каб усе прышлі да ракі прыняць хрышчэньне, абвесьціўшы, што невыкананьне гэтага прыказу будзе прызнана, як супраціўленьне княскай уладзе. Жыхары павінны былі паслухацца загаду. У некаторых мясцох была барацьба дзьвёх вераў, — і хрысьціянства пашыралася агнём і мечам.

Аб тым, як пашырылася хрысьціянства ў Полацкай Русі, мы маем таксама некаторыя весткі. Прыняўшы хрысьціянства, у тым-жа годзе (988) Уладзімер успомніў і аб сваей апальнай жонцы ў Полаччыне. Ен прыслаў у Ізяслаў, дзе жыла Рагнеда, сваіх пасланцоў, каторыя ад імя князя перадалі ёй такія словы: „аз убо ныне крещен есьмь и приях веру и закон христіанскій; подобает мне едину имети жену, юже поял в христіанстве. Избери себе от вельмож моих, егоже хощеши да сочетаю тя ему“. З гэтай весткі мы бачым, што Ўладзімер больш зацікаўлены ліквідаваньнем сваіх паганскіх шлюбных зьвязкаў, чым пашырэньнем у Полаччыне хрысьціянства. Выслухаўшы пасланцоў, Рагнеда ў кароткіх словах так адказала свайму быўшаму чалавеку: „быв княгинею, могу-ли быть рабою у слуги твоего?“ Ўладзімера гэты адказ не здаволіў, бо ён не ліквідаваў шлюбнай справы. Праз нейкі час зноў ідуць ад яго пасланцы да Рагнеды і прапануюць ёй прыняць хрысьціянства. Яна згадзілася і нават прыняла манашаскі пострыг пад імем Анастасіі. Для новапастрыжанай манахіні-княгіні быў пабудаваны манастыр, у каторым яна і пражыла некалькі гадоў да скананьня ў 1000 годзе. Ведама таксама, што ў гэты самы час у Полацку была яшчэ адна хрысьціянская царква. Гэтае летапіснае паданьне гаворыць нам аб тым, што кіеўскі князь вельмі цікавіўся верай Рагнеды. У такога палітыка, як Ўладзімер, гэтая зацікаўленнасьць была не так рэлігійнага, як палітычнага кірунку. Ён турбаваўся не аб тым, каб яго апальная жонка знайшла пэўнае месца ў нябесным царстве, а аб тым, каб злучыць Полацкую воласьць з Кіеўскай у рэлігійных адносінах, а ў царкоўных адносінах паддаць яе кіеўскаму мітрапаліту. Ува ўсякім разе, трэба ад’значыць, што ў Полаччыне кіеўскі князь не выдаваў прыказаў аб абавязковым для ўсіх прыняцьці хрысьціянства, як у Кіеве, і не змагаўся сілай з паганствам.

Што датычыць да Ізяслава, сына Рагнеды, то магчыма, думаць, што ён згодна, а ня сілком пашыраў новую веру ў Полаччыне. Адзін, праўда ўжо пазьнейшы летапіс так малюе характар князя: гэты князь быў рахманы, ласкавы і міласэрны; ён паважаў духоўны і манашаскі стан і вельмі любіў чытаць сьвятое пісаньне. Такі характар князя, як нельга лепей быў здатны для згоднага, паступовага пашырэньня хриысьціянства.