Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адказ перадалі Кодру, ён задумаў зрабіць ахвяру для свайго народу. Апрануўся ён у лахманы, павесіў на плечы жабрацкую торбу і, зусім непадобны да цара, пашоў у варожы стан. Тут ён сумысьля пачаў нейкія спрэчкі. Ворагі, ня ведаючы, што гэты жабрак ёсьць афінскі цар, у спрэчцы забілі яго. Тут толькі яны даведаліся аб боскім прыказе і аб тым, хто такі ёсьць забіты жабрак. Пасьля гэтага, не спадзяючыся перамагчы афінян, бо з іх боку згінуў цар, ворагі самі адыйшлі ад Аттыкі. А Афіняне, вызваліўшыся ад непрыяцеляў па ахвяры свайго цара, на сходзе зрабілі пастанову, каб не абіраць цара, бо другога такога цара, як Кодр, немагчыма знайсьці. Такім спосабам у Аттыцы была заложана рэспубліка. Трэба толькі ад’значыць, што рэспубліка гэта была не дэмократычная, а арыстократычная.

Гістарычная навука ў гэтым наіўным паданьні ўгледзела далёкі водгук барацьбы за ўладу багацейшых і заможнейшых станаў гаспадарства з царамі, каторыя абмяжоўвалі іх ўплыў. Цары былі тым небясьпечны для арыстакратаў, што яны часта апіраліся на дэмос, на просты люд. Паміж іншым, у Афінах дэмос нядоўга цярпеў арыстакратычную рэспубліку. Ен згрупаваўся ўкола Пізістрата, і аддаў яму дзяржаўную ўладу. Для народу была больш прыемна дэмократычная ўлада аднаго, чым арыстакратычная ўлада некалькіх асобаў (олігархія).

Трэба думаць, што гэтак сама была справа і ў Полаччыне. Скарыстаўшы сьмерць князя, каторы быў ўлюблены і паважаны народам, трыццаць багацейшых баяраў павярнулі веча нейкім спосабам у свой бок, — і захапілі ў свае рукі палітычную ўладу. Просты народ ня быў здаволены такою рэспублікаю, бо яна не дала яму месца ў справах дзяржавы. Арыстакраты, злучыўшы з палітычнай сілай эканамічную і ня маючы пагрозы сабе з боку князя, які апіраўся на масы простага люду, рабілі, што хацелі, а хацелі — што было карысна толькі ім. Абурэньне народу ў 1190-м годзе кончыла гэтую рэспубліку, каторая істнавала толькі 9 гадоў.



Хрысьціянства і прасьвета.

Нам добра вядома, як пашыралася хрысьціянства ў Кіеўскай Русі. Уладзімер, зрабіўшыся хрысьціянінам, выдаў прыказ зьнішчыць ідалаў: адных пасячы, другіх спаліць. Асабліва ён зьдзекаваўся над Пяруном. Яго прывязалі да конскага хваста, пацягнулі ў Днепр, — і па дарозе слугі князевы білі яго батамі. Потым бога кінулі ў раку і басакамі вялі яго аж да парогаў, каб ён ня выплыў. Веруючыя людзі