Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзяржаўна-палітычныя справы.

З палавіны ІХ-га сталецьця сярод усходніх славянаў пачынаецца дзяржаўна-грамадзянская арганізацыя. Пляменьні Крывічоў, Дрыговічаў і Радзімічаў ідуць па тым-жа гісторычным шляху. Будуецца гаспадарства і тут. Яшчэ да закліканьня вядомых нам князёў-варагаў (862) пачалі тут складацца воласьці — княствы. Вёскі валасьцёў цягнулі, як да цэнтру, да бліжэйшага гораду. Чым большы і багацейшы быў горад, тым большую тэрыторыю вясковую канцэнтраваў ён ўкола сябе. Разумеецца, воласьці былі самыя рознастайныя абшарамі сваіх тэрыторыяў. Найвялікшымі паміж іх лічыліся: Полацкая, Смаленская і Тураўская. У летапісе, апроч іх, ўспамінаюцца яшчэ і другія воласьці з меншай тэрыторыяй, напрыклад: Віцебская, Аршанская, Друцкая, Мсьціслаўская, Ізяслаўская, Слуцкая, Наваградзкая, Нясьвіская, Менская, Пінская, Мазырская, Сьвіслацкая і іншыя.

На чале воласьцёў у ваяўніцкіх справах стаялі асобныя князі, каторыя былі нябольш, як роданачальнікамі, а часам толькі прадстаўнікамі пляменьняў або родаў. Князі-роданачальнікі былі, такім спосабам, мясцовымі людзьмі. Князі-прадстаўнікі былі прышлым элемэнтам. Як пападаў гэты прышлы элемэнт ў мясцовае жыцьцё, мы бачым, напрыклад, з летапіснага паданьня аб закліканьні князёў-варагаў[1]. Валасныя князі мелі выканаўчую ўладу ў сваім княстве: яны баранілі тэрыторыю воласьці і яе маетнасьць, рабілі са сваёю дружынаю паходы ў чужыя землі, чынілі суд, пільнавалі гандлёвыя шляхі і караваны.

Заканадаўчая ўлада ў воласьці належала да веча, або да народнага сходу. Веча зьбіралася ў найгалаўнейшым горадзе воласьці-княства. Веча запрашала князя, гадзілася з ім, калі князь нарушаў пастаўленыя яму ўмовы, яно „паказвала князю путь“, іначай кажучы, адбірала ад яго княжацкую ўладу. Веча выдавала ўсялякія пастановы для насельнікаў воласьці, абірала ўраднікаў на патрэбныя пасады, адбірала ў іх даныя пасады. Веча абвяшчала войны і рабіла згоду з суседзямі. Улада веча шырылася ня толькі на горад, але і на ўсю воласьць, якая цэнтравалася ўкола гораду; на тыя гарады і вёскі, якія былі параскіданы па ўсяму княству. Пры гэтым меншыя ў воласьці гарады лічыліся прыгарадамі галоўнага гораду. Кіеўскі летапісец так гаворыць аб уладзе веча: „Новгородци изначала, и Смольняне, и Кияне, и Полочане, и вся власти (воласьці), яко-же на дому, на веча сходятся; на что-же старейшии

  1. Легенда аб ідылічным прыкліканьні варагаў цяпер паважна аспарваецца. Урэшце гэта да Беларусі не адносіцца.

    Рэд.