Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хораша прыбрацца. На шыі яны насілі маністы з шкляных пацерак, часам бронзавых і серабраных, з рознымі падвескамі, добра апрацованымі. Відаць, што пацеркі, вельмі штучна зробленыя, дзесь купляліся. Беларус нашага часу ня можа прыбрацца так багата і цікава, як маглі прыбірацца яго продкі, каторыя па летапісу „живяху в лесе, яко-ж всякий звер“. Праф. Завітневіч аб кургановых рэчах гаворыць так: „Курганные предметы Полесься по своему материалу ценнее, а по форме разнообразнее, затейливее, а иногда даже изящнее нынешних“. І няма тут ніякага дзіва. Нашу бацькаўшчыну багаціў вялікі водны шлях з Варагаў ў Візантыю, па катораму йшоў сусьветны гандаль таго часу. У гэтым гандлі працавалі і мелі немалы заработак і нашыя прародічы. Цікава тое, што некаторыя рэчы, якія ўжываліся тады, ужываюцца і цяпер беларусамі нашага часу. Жыхар кургановага Палесься меў звычай падпяразвацца раменным паскам з шкуратовым кашэлікам, у каторым ён хаваў крэсала, крамень, губку і ножык. Наш беларус некаторых паветаў Горадзеншчыны, Магілёўшчыны і Меншчыны таксама носіць пры сабе у кашэліку на рамяным паску такія самыя рэчы; толькі ён і дадаў да іх, як чалавек нашае культуры, яшчэ тытунь і люльку[1].

Чым аб’ясьніць тое, што зьвестка летапісу аб някультурнасьці нашых прародзічаў так непадобна на зьвесткі чужаземных сьведкаў і курганоў? Трэба памятаць, што хто-б ні быў аўтар летапісу, ён быў манах, прадстаўнік новай культуры і новай веры, якая прасочвалася ў нашыя лясы. Пэўна, што ўсё тое, што насіла на сябе ад’знакі не яго культуры, аўтар лічыў някультурным. Шлюб, учынены згодна звычаяў паганскай веры, яго не здавольваў, і летапісец піша, што ў продкаў нашых „брацы не бываху“. Калі продкі нашы ў постны па звычаю хрысьціянства дзень елі скаромнае па свайму звычаю, манах-летапісец кажа, што яны елі ўсё нячыстае. Такія здарэньні ацэнкі культуры ў гісторыі людзей мы бачым часта. Вядома, нам напрыклад, што рымляне звалі першых хрысьціянаў бязбожнікамі за тое, што яны верылі ў свайго нявіднаго бога, а ня іх — рымлянаў, — багоў; звалі распуснымі за тое, што ў хрысьціянаў была свая, а не паганская мораль і г. д. Нават і ў наш час мы бачым нешта падобнае.



  1. Параўнаньні аўтара пакутуюць трошкі тым, што бяруцца пад увагу розныя клясы. Усё, што тут гаворыць аўтар аб нашых продках, адносіцца бязумоўна да багацайшай часткі народу. Бедныя-ж бязумоўна жылі горш нашых цяпэрашніх сялян.