Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пэрыяды гісторыі Беларусі.

Ніколі не перарываецца народнае жыцьцё: цячэ яно, як рэчка, з году ў год, з сталецьця ў сталецьце. Адных працаўнікоў прыймае магіла, другія нараджаюцца, бяруць лямку бацькоў і дзядоў сваіх і цягнуць яе зноў да магілы. Так ідзе чалавечая праца, так робіцца гісторыя роду чалавечага. Аде сталецьце адно на другое непадобна. У адны часы скора, жыва йдзе праца. Народ як-бы бяжыць уперад шпаркім шагам, шырыцца культурная творчасьць нацыі, зьясьняецца твар народу, будуецца моцны дзяржаўны і культурны будынак. Люба кінуць пагляд на гэткае жыцьцё, на такія мамэнты паступовага гістарычнага руху. Але часам выбухаюць і іншыя часы: нацыя замірае, хаваецца ў глыбіню творчая сіла, руйнуецца дзяржаўны і культурны будынак ад уціску другога народу.

Такім спосабам, прыгледзеўшыся да бесперарыўнага, паступовага руху гісторыі народу, магчыма ўсё-ж такі знайсьці ў гэтым руху нейкія асаблівасьці ў тыя ці іншыя часы. Апіраючыся на такія асаблівасьці жыцьця, магчыма зноў выявіць і гісторыі народу яе пэрыяды. Так стаіць справа і ў гісторыі Беларусі.

Па асаблівасьцях палітычнэга і культурнага жыцьця беларускага народу, гісторыю Беларусі магчыма падзяліць на чатыры пэрыяды: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі і Велікарускі.

Пачынаецца наша гістарычнае жыцьцё з ІХ сталецьця на сярэднім кавалку вялікага воднага шляху „з Варагаў у Грэкі“. Гэты шлях ёсьць шлях тагочаснай культуры і гандлю, і мы увайшлі на яго. Наймацнейшым княствам сярод нашых пляменьняў (Крывічоў, Дрыговічаў і Радзімічаў) было Полацкае. Незалежнае з пачатку гістарычных вестак, яно прымушана было Кіеўскімі князямі да залежнасьці ад Кіева. Але гэтая залежнасьць дзяржалася кароткі час і ня была агульнай, поўнай залежнасьцю. Ужо з пачатку ХІ сталецьця пайшло змаганьне за незалежнасьць полацкіх Ізяславічаў з кіеўскімі Яраславічамі. У гэтым змаганьні навакола Полацкага княства зьбіраліся княствы драбнейшыя. Да найбольшай моцы Полацкае княства дайшло пры