Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

г. ё. этнаграфічны ўплыў фінаў на велікарусаў. Што датычыць беларусаў, то мы ведаем, што турка-мангольская лавіна да іх не дакацілася, а фіна-мангольскія пляменьні ня былі іх суседзямі[1]. На беларусаў мог быць уплыў літоўскай крыві, і, пэўна, доўгае суседзтва і сужыцьцё з літвінамі зрабіла гэты уплыў. Што датычыць да палякоў, то іх этнаграфічны ўплыў ня мог быць значным, бо палякі былі ў Беларусі вышэйшым, шляхоцкіх станам. Тыя беларусы, якія зьліваліся з імі, былі прадстаўнікамі таксама шляхоцкага беларускага стану. З гісторыі нам вядома, што гэтыя беларусы адыйшлі ад свайго народу і сталі палякамі. Што датычыць да шырокіх масаў беларусаў, то польскага ўплыву тут не магло быць: паміж панам-паляком і мужыком-беларусам была глыбокая сацыяльная прорва. З усяго вышэйпаданага мы бачым, што этнаграфічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса ня было. Калі і прызнаць этнаграфічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты уплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны — такія-ж арыйцы, як і беларусы, а палякі — славяны, толькі заходняй галіны.

Тэрыторыя Беларусі ня можа пахваліцца добраю глебаю: зямелька Беларусі, за выключэньнем некаторых паветаў, малаўрадлівая. Шмат працы трэба ўлажыць у зямлю, каб яна дала кавалак хлеба. І беларус шчыра працуе. Ня гледзячы на невялікі ўзрост і пахілы склад, ён вытрыманы працаўнік. Гэта добра ведаюць усе падрадчыкі на земляныя работы; добра ведае Амэрыка, бяручы з Беларусі работніка на цяжкую чорную працу. Найбольш прывязаны сучасны наш беларус да земляробства. Ён, як кажа пясьняр Янка Купала, „пан сахі і касы“. І толькі тады, калі няма ў беларуса гэтага панства, ён ідзе на другія работы.

Сваю гісторыю мае беларус, хоць і ня ведае яе. Але павінен настаць час, калі і беларус зацікавіцца гісторыяй свайго роднага краю. Бяз гэтага ён ніколі ня зможа стаць грамадзянінам сваёй бацькаўшчыны. Толькі гісторыя дае моцны грунт для нацыянальна-грамадзянскага самапачуцьця.

  1. Увага рэдакцыі: Апошняе праўдзіва прыпушчальна. Па навейшых досьледах фінскія пляменьні займалі ўвесь поўнач Эўропы прыблізна да шырыні ракі Прыпяці і то аж да далёкай Англіі на выспах. На цяперашняй этнографічнай Беларусі фінскія пляменьні бязумоўна жылі таксама, асабліва ўва ўсходняй яе частцы, аб чым сьведчыць хацяж-бы географічная номэнклятура.