Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўсё гэта вельмі груба і няўмела. Пачалося з зачыненьня польскіх школаў без замены іх школамі мясцовымі, беларускімі. Зруйнаваўшы Віленскі польскі унівэрсытэт, Мікалай I ня мог прыдумаць нічога разумнейшага, як перанясьці яго навуковыя каштоўнасьці ў Кіеў, не заснаваўшы, замест зруйнованага, новага, мясцовага Беларускага унівэрсытэту. Так і не дачакалася Беларусь аж да нашых дзён свайго унівэрсытэту. Некаторыя з паўстанцаў, польскіх паноў, былі — ці выгнаны з краю, ці адпраўлены ў Сыбір, але пры гэтым ня было закранута польскае земляўласьніцтва. Лічучы, па свойму неразуменьню, Літоўскі Статут прадуктам польскай культуры, урад выкасаваў яго з судоваге карыстаньня. Ува ўсіх урадовых установах, замест польскай, была заведзена прымусова руская мова, каторай ня мог добра разумець беларус.

Да прылучэньня вуніятаў да праваслаўнай царквы быў зложаны сакрэтны камітэт пад кіраўніцтвам вуніяцкага епіскопа Іосіфа Сямашкі. Мэтаю камітэту было паступовае зьбліжэньне вуніяцтва з праваслаўнай вераю. Пачалі перарабляць вуніяцкія царквы так, каб яны былі падобнымі да цэркваў праваслаўных; старыя вуніяцкія служэбнікі ў беларускай мове зьмянілі на служэбнікі маскоўскага выданьня. На месца сканаўшых вуніяцкіх епіскапаў былі высьвечаны новыя (Васіль Лужынскі, Антоні Зубка і Езафат Жарскі), каторыя былі пэўнымі супрацоўнікамі рускага ўраду ў справе прылучэньня вуніятаў да праваслаўнай рускай царквы. Пасьля скананьня вуніяцкага мітрапаліта, Іосіфа Булгака, і епіскапа Езафата Жарскага, епіскапы Іосіф Сямашка, Васіль Лужынскі і Антоні Зубка, зьехаўшыся у 1893 годзе ў Полацку на сабор, злажылі акт аб злучэньні вуніятаў з праваслаўнымі, каторы, у гэтым жа годзе, быў зацьверджаны царскаю ўладаю. Ў гэтым-жа годзе быў выданы царскі указ, каторы забараніў, невядому чаму, ужываць у цэрквах і касьцёлах беларускую мову. Трэба зазначыць, што да гэтага часу ў беларускай мове гаварыліся казаньні, каб іх лепш мог зразумець просты народ. Тыя сьвяшчэньнікі і парафіяне, каторыя не хацелі прызнаць акту аб скасаваньні вуніі, павінны былі нясьці кару. Народ, за часы вуніі (243), зжыўся з ёю, прывык да яе. Прымусовае скасаваньне вуніі з болем адбілася на народным суменьні.

Заходнія рэвалюцыі пасьля 1830 году рабілі ўплыў на польскае грамадзянства і будзілі думку аб новым паўстаньні. Пачалася арганізацыйная праца тайнага польскага нацыянальнага (нарадовага) ўраду. У часы кіраваньня Аляксандра II, паўстаньне, урэшце, выбухла ў студні 1863 году. У раней умоўлены дзень у розных мясцох Польшчы, Беларусі і Літвы групы паўстанцаў напалі на рускія войскі і паўстаньне пачалося. На Беларусі польскі элемэнт ня быў