Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падымаліся на барацьбу. Так, напрыклад, падняўся Бабруйск. Мяшчане Бабруйску, бачучы, што для іх няма ўжо ратунку, вырашылі здацца на міласьць палякоў. Тады правадыры паўстаньня, на чале каторых стаяў атаман Паддубіч, ведаючы, якія мукі іх чакаюць, заперліся ў сваіх хатах і самі сябе падпалілі.

Доўга ня мог Радзівіл зусім спыніць паўстаньня. Сярод балот і лясоў доўга істнавалі вялікія групы паўстанцаў. Іх паддзержывалі мужыкі, прыслаў ім дапамогу з Украіны Хмяльніцкі. Часта гэтыя групы даходзілі да некалькіх тысячаў людзей. Седзячы ў балотах, казакі рабілі напады на рэгулярнае польскае войска і рабілі вялікія збойствы па дворах акалічнай шляхты. Але йшоў час, лік казакоў зьмяншаўся, панская сіла павялічылася, і рух казацкі на Беларусі спыніўся. Мужык, падняўшы раней сваю галаву, пачаўшы барацьбу за лепшую долю, зноў упрогся ў сваё ярмо.

К пачатку 18 стагодзьдзя Беларусь ужо не протэстуе. Вышэйшыя станы зрабіліся палякамі, ніжэйшыя станы, астаўшыся беларусамі, жывучы ў зьдзеку і ў паднявольнай працы, ведалі толькі адно: што яны тутэйшыя „хлопы“; што „хлопскую“ маюць яны мову і нацыю; што жывуць яны гаротным, цяжкім жыцьцём.



Агульны палітычны агляд.

Люблінская вунія 1569 году далучыла Беларусь, як мы ведаем, у склад Рэчы Паспалітай Польскай. З гэтага часу Беларусь жывё з ёю адным палітычным жыцьцём.

Праз тры гады пасьля вуніі сканаў апошні кародь з дому Ягайлавага, апошні насьледны кароль, Жыгімонт III Аўгуст (1572)[1]. Пачалася эпоха выбраных каралёў з частымі бескаралеўямі, ад скону аднаго караля да абраньня яго наступніка. На першы пачатак бескаралеўе цягнулася больш году. Шляхта разьбілася на некалькі партыяў; кожная партыя ставіла свайго кандыдата. Найбольш вядомымі з кандыдатаў былі — Фёдар, царэвіч Маскоўскі, сын Івана Грознага, Эрнэст, прынц Аўстрыйскі і Генрых Анжуйскі, прынц Францускі. Партыя Фёдара склададася з беларусаў і ліцьвіноў, на чале яе стаяў менскі каштэлян Глебавіч. Перагаворы з Грозным аб Фёдару не далі нічога. Палякі патрэбавалі, каб Фёдар зрабіўся каталіком і каб да Рэчы Паспалітай былі далучаны Смаленск і Полацак. Грозны сьмяяўся з гэтага, гаворачы, што Фёдар „не красная девица“, што пасагу за ім не належыць; лепш няхай палякі дадуць яму Кіеў. Проці гэтай кандыдатуры былі ўцекачы з Масквы — Курбскі,

  1. У Польшчы Жыгімонт II.