Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

каля 30 тысячаў чалавек. Усё Папрыпяцьце запалілася вялікім полымем паўстаньня… Беларускае сялянства паддзержвала казакоў харчамі і грамадамі прылучалася да паўстанцаў. Спачувала руху і мяшчанства. Такія гарады, як Старадуб, Гомель, Лоеў, Брагін і Пінск, адчынілі казацкаму войску свае брамы. Асабліва многа крыві пралілося ў Пінску, дзе паўстанцы выразалі ўсіх палякоў, не шкадуючы нават старых, малых і жанок. Вялікія спусташэньні і забойствы былі зроблены над Магілёвам, Мсьціслаўем і па другіх гарадох.

Як толькі даведаліся ў Польшчы аб казацкім паўстаньні на Беларусі, то ўрад даручыў змаганьне з паўстаўшымі гэтману Янушу Радзівілу. На Беларусь былі прысланы вялікія ўзброеныя сілы. Пашло крывавае змаганьне і расправа з мужыкамі. Балоты і лясы Беларусі доўга баранілі казацкі рух. Найбольш стойка дзяржаліся казакі ў Пінску. Сюды былі зграмаджаны ўрадовыя войскі, горад быў абложан навокал так, што немагчыма было ні з яго выйсьці, ні ў яго ўвайсьці. Доўга дзяржаліся паўстанцы, ведаючы, што літасьсці над імі ня будзе. Урэшце Пінск быў такі ўзяты прыступам, зруйнованы і заліты крывёю абаронцаў. Казацкае паўстаньне было задушана, але не надоўга.

Праз некалькі месяцаў дайшлі да беларускага мужыка чуткі аб тым, што Хмяльніцкі разьбіў польскае шляхецкае войска пад Пілавцамі. Зноў заварушыўся працоўны люд. Па вёсках хадзілі нейкія незнаёмыя людзі, каторыя гаварылі, што іх паслаў сюды сам бацька-атаман Хмяльніцкі. Гаварылі яны, што польская шляхта хоча забіць караля, каторы стаіць на баку мужыкоў; што, забіўшы караля, шляхта пачне рэзаць мужыкоў; што казакі паднялі паўстаньне на абарону правоў караля і мужыкоў. Пачалі зьяўляцца сьляпыя старцы — лірнікі, каторыя, сьпяваючы аб цяжкой гаротнай долі селяніна, клікалі яго на змаганьне за волю і веру. Мужыкі радзіліся, гуртаваліся, бралі ў рукі сякеры і косы і йшлі ў лясы і балоты, каб адтуль рабіць напады на сваіх ворагаў. Зноў Беларусь запалілася полымем паўстаньня. Казацкія сілы расьлі. Паўстаньне шырылася ня толькі па вёсках. У рукі казакоў папалі гарады Слуцак, Быхаў, Чарнабыль, Магілёў, Рэчыца, Мазыр, Бабруйск і др. Януш Радзівіл, сабраўшы войска, пачаў барацьбу з казацтвам і паўстаўшымі мужыкамі. Лічэбная перавага была за паўстанцамі, затое ў іх ня было добрай арганізацыі. Асобныя групы біліся кожная за сябе, ня ведаючы часам, што блізка ёсьць другія групы паўстанцаў. Хоць і з вялікаю натугаю, але Радзівіл справіўся з паўстаньнем. У яго рукі папалі ўсе гарады. Найбольш бараніліся Рэчыца і Мазыр. На чале паўстанцаў Мазыра стаяў казацкі палкоўнік Міхаленка. Некаторыя гарады, хоць і здаліся паляком, але праз некі час зноў