Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мужыцкім паўстаньнем; мужыкі пачалі паліць панскія двары, біць паноў і зьневажаць ксяндзоў. Каб перамагчы Хмяльніцкага, у Польшчы было склікана „паспалітае рушэньне“. Сабралася 40 тысячаў шляхты; за імі йшло каля двохсот тысячаў слуг з лёгкім аружжам і цягнуліся панскія вазы і карэты. Рушэньне дайшло да Пілавід і адсюль уцякло, нават ня біўшыся з казакамі. Першымі ўначы пабеглі начальнікі, за імі пасьпяшаліся і звычайныя шляхцічы, пакінуўшы свой абоз казаком. Дайшло да таго, што Польшча павінна была прасіць згоды. Згода была зроблена на такіх умовах: 40 тысячаў казакоў павінна дзяржаць Польшча сваім коштам; на Украіну ня могуць быць ўведзены польскія войскі; праваслаўная вера мае права пяршынства і „візувіты“ ня могуць жыць на тэрыторыі Украіны; урады аддаюцца толькі праваслаўным; Кіеўскі праваслаўны мітрапаліт мае месца ў польскім Сэнаце і г. д. Гэтая згода не здаволіла ні польскі ўрад, ні просты народ. Мужыкі перасталі паддзержваць Хмяльніцкага, бо сіла шляхты на Украіне і няволя прыгону ня была скасована.

Хутка ізноў пачынаецца змаганьне Хмяльніцкага з палякамі. Яно цягнедца чатыры гады і канчаецца тым, што Украіна, шукаючы ратунку ад Польшчы, паддаецца пад апеку маскоўскага гаспадара, Аляксея Міхайлавіча (1654 г.). Польшча, такім спосабам, сваею палітыкаю адкінула ад сябе такую багатую тэрыторыю, як Украіна.

Казацкія паўстаньні на Украіне маюць адносіны ня толькі да гісторыі Украіны, Польшчы і Масквы, але і да гісторыі Беларусі, бо ў складзе казацтва быў значны працэнт казакоў, каторых выгадавала беларуская вёска і выгнала з роднай хаты няволя на Беларусі. Апроч таго казацкі рух на Украіне заўсёды даваў водгук і на Беларусі. Трэба ад’значыць, што паўстаньні на Беларусі ня мелі той сілы, як на Украіне, бо на Беларусі шмат было шляхоцка польскага элемэнту; тут увесь час было згуртована шмат польскага войска на выпадак вайны з Масквою; для падгатоўкі паўстаньня тут ня было шырокага паўднёвага сьцепу, дзе казак меў ваяўніцкую практыку, змагаючыся з татарынам, і дзе ён мог, хаваючыся ад панскага ўраду, згуртавацца ў крэпкую, узброеную сілу.

Першае казацкае паўстаньне на Беларусі стаіць у зьвязку з паўстаньнем Хмяльніцкага. Весткі аб разгроме шляхоцкага войска пры Жоўтых Водах і Корсуні дайшлі да цёмных вясковых куткоў Беларусі. Усе, хто ня мог зносіць соцыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, пачалі гуртавацца. На чале першых паўстанскіх групаў стаў Антон Нябаба. Да яго, у хуткім часе, сталі падходзіць другія паўстанскія групы. З атаманаў гэтых групаў магчыма назваць Галавацкага, Няпаліча і Хвэська. Згуртавалася ўзброеняя сіла