Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Есьць паданьне, што аднаго разу казакі прыслалі да Уладыслава сваіх паслоў, каб паскардзіцца на тыя крыўды, якія над імі ўчыняюцца. Кароль выслухаўшы казацкіх паслоў і ня маючы рады абараніць іх нарушаныя інтарэсы, быццам сказаў ім: „Вы маеце шаблі, самі абараняйце правы свае“. Разумеецца, казакі ведалі гэта і без караля, але словы караля толькі падкрэсьлілі для іх немагчымасьць згоднага сужыцьця Польшчы з вольным казацтвам. Цікава яшчэ зьвярнуць увагу на адно здарэньне. Заходняе кавацтва, бяручыся за шаблю, казала, што яно хоча ратаваць сябе і караля з панскай „Ляскай няволі“. Такія самыя думкі былі і ў усходняга маскоўскага казацтва. Вядома, што такія прадстаўнікі ўсходняга казацтва, як Разін і Пугачоў, лічылі сваім ворагам не цара, а баяр і дваранаў, ад улады каторых яны хацелі вызваліць і сябе і цара. Гэты настрой, як заходняга, так і ўсходняга казацтва, паказвае нам, што абураны мужык, стаўшы вольным казаком, змагаўся больш на соцыяльна-эканамічным, чымся на палітычным груньце.

Казацкія паўстаньні на Украіне пачаліся яшчэ з канца ХVI стагодзьдзя. На чале казакоў сталі атаманы — Касінскі, Лабада і Налівайка. З мечам і агнём ўрываюцца казакі ў польскія землі, у сябе на Украіне нішчаць шляхту, вызваляючы з прыгону мужыкоў і робячы іх вольнымі казакамі. Польскі ўрад ня мог спыніць гэтага паўстаньня. Казакі абралі сабе гэтмана Пётру Сагайдачнага, каторы стаў дзяржаўцам усей Украіны. Усё гэта, разумеецца, не спадабалася паляком і пры першым здарэньні яны зноў пачалі няволіць казакоў. Казакі на гэта ізноў адказалі паўстаньнямі ў пачатку ХVII стагодзьдзя. На чале казакоў сталі атаманы: Тарас, Паўлюк і Астраніца. Многа год Польшча і Украіна паліліся агнём і заліваліся крывёю. Урэшце перамаглі палякі. Паўлюк і Астраніца папаліся ў польскі палон. Адзержаўшы верх, польскі ўрад стаў рабіць на Украіне свае парадкі. Казакоў пакінулі толькі 6 тысячаў, адабралі ад іх самакіраваньне, начальнікамі над імі паставілі польскіх паноў. Рэшта казакоў зрабілі зноў мужыкамі. Усё гэта адбылося ў 1638 годзе.

Толькі 10 гадоў трывалі казакі гэтую няволю. У 1648 годзе яны зноў падняліся, як адзін чалавек, пад кіраўніцтвам знамянітага атамана Багдана Хмяльніцкага. Пад яго сьцяг сабраліся і мужыкі, уцёкшыя ад прыгону з усей Украіны і Беларусі. З вялікаю, узброенаю сілаю йшоў Хмяльніцкі на помсту ў Полыпчу, маючы на мэце выбіць з панскай няволі просты народ. Насустрэч яму былі высланы польскія войскі, каторыя ён разьбіў — першы раз пры Жоўтых Водах, другі раз пад Корсунем. Пад Корсунем казакі ўзялі ў палон польскіх гэтманаў — Каліноўскага і Патоцкага. Гэтыя пабеды Хмяльніцкага адгукнуліся на Беларусі