Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (1927).pdf/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

іствавала на Беларусі шматмільённая маса простага, працоўнага люду, якая гаравала куды больш за інтэлігэнцыю, бо яна зносіла ня толькі палітычны, нацыянальны і рэлігійны ўціск, але яшчэ і ўціск соцыяльна-эканамічны. Апалячаны і акаталічаны шляхціч быў для гэтай працоўнай мужычай масы панам і прыгоншчыкам. Ня маючы сілы змагацца з панам, мужык уцякаў ад яго туды, дзе аблогам ляжалі вольныя землі, куды папская дзяржава яшчэ не працягнула сваіх рук, — на поўдзень, у шырокія дняпроўскія сьцяпы. Там толькі станавіўся ён вольным чалавекам, казаком. З цячэньнем часу усё больш народу шукала ратунку ад уціску на поўдні, і ў пачатку ХVIІ стагодзьдзя паўднёвыя сьцяпы на сваім абшары сабралі вялікую грамаду казацкага люду. Казацтва, якое злажылася на паўднёвай акраіне Рэчы Паспалітай дастала назоў украінскага[1].

Апроч казацтва украінскага, мы ведаем яшчэ казацтва данское, каторае злажылася на паўднёвым краі Маскоўскай дзяржавы. Яно таксама злажылася з паднявольнага люду, які ўцякаў ад соцыяльнай няволі маскоўскага царства, каб зрабіцца вольным чалавекам. Калі казак данскі абураўся проці свайго гаспадарства з прычын палітыка-соцыяльных, то казак украінскі, сабраўшы ў свой склад беглых мужыкоў з Беларусі, абураўся з прычын ня толькі палітыка-соцыяльных, але і з прычын рэлігійных і нацыянальных. Яма паміж заходнім казаком і гаспадарствам была куды глыбей, чымся яма паміж гаспадарствам і ўсходнім казаком. Ось чаму казацкі протэст па захадзе быў такім сільным, бязупынным і крывавым.

Казацкія паўстаньні проці соцыяльна-эканамічнага, нацыянальнага і рэлігійнага польскага ўціску пачаліся яшчэ з канца ХVІ стагодзьдзя. Лепшыя польскія каралі разумелі, якую небясьпеку нясуць гаспадарству гэтыя казацкія паўстаньні. Уладыслаў ІV (1632–1648), які шырока глядзеў на дзяржаўныя справы, хацеў палепшыць долю працоўнага люду і некаталікоў у Польшчы і абараніць казакоў ад панскіх пажаданьняў, але нічога ня мог зрабіць у гэтым кірунку, бо яму не даваў волі Сойм. Каралі ў Польшчы ў гэты час ня мелі самі аніякай свабоды і былі шляхоцкімі нявольнікамі. Яны мелі ўладу толькі на тое, каб даваць шляхце ўсё новыя і новыя прывілеі. Калі-ж шляхта бачыла, што кароль дзеля дзяржаўных інтарэсаў прыслухоўваецца да голасу працоўнага народу, то яна зьдзержвала чыннасьць караля, баючыся за свае інтарэсы. Так было і з Уладыславам

  1. Трэба яшчэ ад’значыць, што казацтва зьяўлялася ня толькі такім „вольным“. Ім карысталася і сама дзяржава, як кардоннаю вартаю на граніцы з мусульманскім сьветам. Наагул-жа, генэза казацтва патрабуе больш шырэйшага высьвятленьня.

    Рэд.