Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каторыя ледзьве-ледзьве трымаліся, апіраючыся на нязначную жменьку рускіх насельнікаў, пазасталых у стэпу, ня гледзячы на небясьпечнасьць ад татар. «Маці гарадоў рускіх», паўднёвы залаты ключ ад вялікага воднага шляху з Варагаў у Грэкі, багаты, густа заселены раней Кіеў быў цяпер невялікім мястэчкам бяз усякай гандлёвай вагі. Італьянскі манах Пляна-Карпіні, каторы, праязджаючы па паўднёва-ўсходнім краі, бачыў у гэты час, паміж іншым, і Кіеў, налічыў у ім ня больш як 200 хат. У 1300 годзе Кіеў перастаў быць і рэлігійна-царкоўным цэнтрам, бо мітрополіт «усяе Русі» Максім, шукаючы смачнейшага кавалку хлеба, з Кіева пераехаў на жыцьцё на паўночны ўсход, дзе пачаў будавацца маскоўскі цэнтр. Туды-ж, на паўночны ўсход, вышлі і мацнейшыя князі і насельнікі Кіеўскай воласьці, шукаючы больш бясьпечнага для сваёй працы месца. Разумеецца, што з жменькаю людзей кіеўскі нязь ня мог тут трымацца як самаўладны, незалежны ўласнік і павінен быў прызнаць дзяржаўную вярхоўную ўладу магутнага суседа, вялікага князя літоўска-рускага, каторы меў абараняць поўдзень ад татар.

Не здавальняючыся паўднёвымі рускімі валасьцямі, Альгэрд прагнуўся зацьвердзіць свой політычны уплыў на паўночныя воласьці з такімі багатымі гандлёвымі гарадамі, як Ноўгарад і Пскоў. Тут ён быў наступнікам політыкі Полаччыны, каторая ў папярэдні пэрыод гісторыі Беларусі таксама змагалася за ўладу над гэтымі гарадамі і валасьцямі. Апроч таго, Літоўска-Беларускае гаспадарства зварачала ўвагу і на ўсход. Яно прагнулася схіліць ў свой бок, напрыклад, Цьверскае княства, падтрымліваючы яго ў барацьбе з Масквою. Але тут, на ўсходзе, рос моцны супернік літоўска-беларускаму гаспадару ў асобе маскоўскага гаспадара, каторы пачаў ужо рабіць тую самую справу зьбіраньня Русі, якую рабіла і Літва.

Працуючы над зьбіраньнем Русі, Літва павінна была таксама, як і Масква, бараніць сваё гаспадарства ад татар. Яшчэ амаль што за 20 год да вядомай нам Кулікоўскай бітвы ў 1362 годзе Літоўска-Беларускае гаспадарства, злучыўшы ўсе свае сілы, вышла на спатканьне татар на паўднёвую граніцу. Адбылося страшэннае збойства на Падолі. Ня гледзячы на вялікі лік і сваю храбрасць, татары былі разьбіты і, пакінуўшы на месцы многа трупаў, здабычы і палонных, уцяклі