Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што датычыць гораду Полацку, то ён разам са сваёю воласьцю яшчэ пры Вітэне, ратуючыся ад немцаў, у 1307 годзе паддаўся пад уладу літоўскага гаспадара. У пачатку выканаўчую ўладу там мелі намесьнікі гаспадара пры законадаўчай уладзе веча, што засталося ад старажытных часоў; потым на полацкім пасадзе сядзелі малодшыя браты ці сыны гаспадара. З гэтага часу Полацак ужо даволі моцна закрапіўся за Літвою. За Полацкам прышоў чарод і да Віцебску, каторы яшчэ ў ранейшыя часы абасобіўся ад Полацку ў незалежнае княства. Апошні віцебскі князь, ня маючы насьледнікаў па мужчынскай лініі, аддаў сваю дачку за сына Гэдымінавага, Альгэрда. Па сьмерці цесьця Альгэрд зрабіўся віцебскім князем і, разумеецца, быў у залежнасьці ад бацькі свайго Гэдыміна. Хутка ўвашоў у склад йовага гаспадарства і наш Менск са сваёю воласьцю. У летапісе пад 1326 годам ёсьць вестка, што ў Ноўгарад прыходзілі пасланцы ад Літоўска-Беларускага гаспадара. Паміж імі названы і Васіль, князь менскі. Выходзіць, што яшчэ да гэтага часу тэрыторыя Меншчыны увашла ў склад новай дзяржавы, калі ў 1326 годзе мекскі князь быў ужо адным з падручных князёў Літоўска-Беларускага гаспадара. Магчыма думаць, што каля гэтага самага часу ці, можа, некалькі раней зрабіліся залежнымі ад Літвы княствы Лукомскае і Друцкае. Каля гэтага-ж часу маладое гаспадарства ўключыла ў склад сваёй тэрыторыі Турава-Пінскае Палесьсе і зямлю Берасьцейскую, каторая ў заходняй сваёй палавіне насіла назву Падлясься.

Пасьля сьмерці Гэдыміна тэрыторыя гаспадарства ўсё пашыраецца, уключаючы ў свой склад тэрыторыі, населеныя заходнімі рускімі славянамі. У часы Альгэрда і Кэйстута, наступнікаў Гэдыміна, да Літоўска-Беларускага гаспадарства прылучыліся Чарнігаўшчына і Кіеўская воласць з Валыньню і Падольлем. Трэба зазначыць, што Кіеўшчына яшчэ ў пачатку XIV сталецьця ня была падобна на тую багатую, моцную і магутную Кіеўшчыну, каторая ў часы, напрыклад, Уладзімера Манамаха руйнавала і нішчыла з такою заўзятасьцю тэрыторыю Полаччыны. Кіеўшчына ў гэтыя часы сама была зруйнована і зьнішчана дашчэнту як хатнім бязладзьдзем, так і набегамі паўднёвых стэпнякоў-манголаў — раней полаўцаў, а потым татар. Слава і багацьце вялікага князя кіеўскага зьніклі. Ен зрабіўся адным з тых маленькіх паўднёвых князькоў,