Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

па нарадж. Хрыста, Птолёмэя. Апроч вышэйпаданых іменьняў можна назваць такія літоўскія пляменьні, як Жамойць (Ковеншчына), Аўкстотэ (Віленшчына), Ятвягі (Горадзеншчына). Усе гэты пляменьні доўга жылі ня толькі розна, а нават і воража адно да другога.

Вучоныя, судзячы па мове літвінаў і па другіх этнографічных прыметах, прызналі, што яны належаць да арыйскіх, ці, іначай кажучы, да індэўропейскіх народаў. Да гэтага-ж самага кораню належаць пэрсы, грэкі, рымляне, кэльты, германцы і славяне. У той час, як мовы ўсіх пералічаных народаў далёка адышлі ў сваім разьвітку ад сваёй мацеры, стараарыйскай мовы, мова нават сучасных нам літвінаў захавала ў сваім граматычным і лексычным складзе амаль ня ўсе асаблівасьці стараарыйскай мовы. Гэтая зьява, думаюць, залежыць ад таго, што літвіны, асеўшы на доўгі час сярод пушч і балот, як-бы захаваліся тут ад культурна-гістарычнага руху і ад культурных уплываў.

Што датычыць да звычайных промыслаў, якімі жылі і карміліся літвіны, то й тут яны йшлі тым шляхам, які паказвала ім матка-прырода. Балоты, вазёры і рэкі клікалі іх да рыбацтва, адвечныя лясы — да зьвералоўства і пчалярства. Вельмі рана павінны былі яны прышыцца да зямлі, зрабіцца аселым народам, бо куды ты пойдзеш, калі цябе ня пускае вольна хадзіць па сьвеце то балота, то вада. Асеўшы на мясцох, літвіны пачалі эксплёатаваць тыя кавалкі сухога грунту, якія былі раскіданы па іх зямлі. Так павінна было зьявіцца сярод іх рольніцтва. Усе летапісы XII і XIII сталецьця ў адзін голас гавораць, што літвіны таго часу былі ўжо рольнікамі і мелі, дзякуючы гэтаму, больш чым даволі хлеба.

Жывучы ў лясным заціску, адгароджаныя ад суседзяў балотамі і вазёрамі, літвіны не маглі разьвінуць такой культуры, якая была ў той час у ўсходніх і заходніх славян. Гарадоў, як гандлёвых цэнтраў, у іх ня было. Зрэдка можна было спаткаць гарады як цэнтры стратэгічныя, каторыя мала чым розьніліся ад вёсак. Найчасьцей жылі яны па вёсках, зьбіраючыся ў купу патрыярхальнай сям'і ці роду. На чале такіх сямей і родаў стаялі звычайныя старшыні, роданачальнікі, ці князі, каторых літвіны называлі рыкасамі і кунігасамі. Летапісы гавораць, што такіх князёў у літвінаў было шмат. У нас ёсьць, напрыклад, такія