Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

весткі, што паўночна-ўсходні, рускі вялікі князь Аляксандр Неўскі ў бойцы пад Тарапцом забіў восем літоўскіх князёў; Даніла Раманівіч, вялікі князь Галіцка-Валынскі, змагаючыся з ятвягамі, забіў сорак ятвяскіх князёў. Нам трэба выясьніць, кім былі гэтыя літвінскія кунігасы ці рыкасы, якую яны мелі ўладу і моц. Мы мала можам адказаць на гэтае пытаньне. Усё-ж такі вядома, што ўлада літвінскіх князёў пашыралася на нязначныя па тэрыторыі вясковыя аколіцы, але ў гэтым невялікім абшары яны кіравалі зусім незалежна адзін ад другога. Паміж імі часта адбываліся хаўрусы, а яшчэ часьцей ішло змаганьне з прычын чыста мясцовых ці родавых; іншы раз яны злучаліся для якога-колечы хаўруснага паходу на суседзяў. Магчыма думаць, што некаторыя кунігасы былі проста патомкамі родавых старшынь; другія абіраліся асобнымі патрыярхальнымі грамадамі для таго, каб стаць на чале іх у цяжкі час барацьбы з другімі такімі-ж грамадамі; трэція прышлі збоку і сілком накінулі сваю ўладу, скарыстаўшы ці сваю экономічную моц, ці цяжкае і гаротнае палажэньне асобнай літоўскай групы. Часам з летапісаў можна бачыць, што асобныя літоўскія князі зьбіралі вокала сябе ахвотнікаў да нажывы, організавалі нешта падобнае на славянскую і германскую дружыну і рабілі напады на суседнія землі. Нават такі багаты і магутны горад, як Рыга, ня мог лічыць сябе бясьпечным ад нападаў літоўскіх князёў.

У літвінаў доўга трымалася паганская вера, бо дзякуючы асобнасьці свайго грамадзкага і політычнага жыцьця яны ня мелі ніякіх шырокіх зносін з народамі хрысьціянскай рэлігіі. Нават у XIII сталецьці, калі ўжо ўсе народы навокала літвінаў прынялі хрысьціянскую веру, яны, як і раней, былі паганскім народам. Літвіны, як раней і славяне, лічылі, што ўся прырода заселена багамі, і кланяліся сілам прыроды. Сілы прыроды жылі ў зьявах прыроды, у зьверах і г. д. Дзякуючы гэтаму, яны кланяліся сонцу, агню, гругану, дрэвам, каменьням, рэкам, зьверам і г. д. Летапісец Пётра Дюсбурскі так апісуе веру літоўскага племені прусаў: "У прусаў няма паняцьця аб богу (у разуменьні хрысьціянскім), бо яны народ просты і някультурны. Дзеля таго, што яны ня маюць пісьма, яны ня могуць пазнаёміцца з кнігамі сьвятога пісьма. Ня ведаючы бога, яны па абмылцы лічаць за бога ўсялякае стварэньне, як, напрыклад, сонца, месяц і зоры, гром, жывёл, птушак,