Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўсходнія славяне. Калі яны завуць іх на сваю зямлю для організацыйнай працы «княжыць і валадзець», то абмылкі ня робяць.

Вялікі гандлёвы шлях багаціў тыя землі, праз якія праходзіў, у тым ліку і Русь Полацкую. У Полаччыне была важная частка шляху. Справа ў тым, што паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной, а таксама паміж Заходняй Дзьвіной і Лавацьцю былі волакі. Тут водны шлях перарываўся; тавары трэба было перагружаць, пераладоўваць і «валачы» па сушы. У такіх мясцох тавар затрымліваўся, а ўкола тавару затрымліваліся людзі і іх праца. Волакі былі месцам складаў тавараў, зграмаджэньня гандляроў і разам з гэтым і капіталу. Капітал у сваю чаргу цягнуў да сябе тых людзей, якія шукалі заработкаў. Усё гэта рабіла волакі важнымі пунктамі для тэрыторыі. Апроч таго, у Полаччыне водны шлях расходзіўся. Адзін яго напрамак ішоў на поўнач; гэта той напрамак, які апісаны ў летапісе. Другі яго напрамак ішоў на захад, па Заходняй Дзьвіне да Рыскай затокі, і значна скарачаў дарогу ў Заходнюю Эўропу. Гэты факт таксама быў карысным для Полаччыны, бо ён даваў двухкалейны шлях замест звычайнага аднакалейнага.

Усё гэта значна пашырала гандлёвыя звароты Полаччыны параўнаўча з другімі тэрыторыямі па шляху. Тут было шмат багатых гарадоў; найбагацейшымі з іх былі Смаленск і Полацак. Смаленск панаваў на паўночнай частцы воднага шляху, а Полацак на заходняй. Апроч іх мы ведаем шмат і другіх гарадоў, каторыя былі хоць і ня так багаты, але ўсё-ж такі концэнтравалі вакол сябе значныя гандлёвыя абароты, напр., Менск, Віцебск, Усьвят, Тураў і др. Усходнія тавары па водным шляху праз гарады Полаччыны йшлі на поўнач і на захад — у Ноўгарадзкую Русь, да латышоў, фінаў і немцаў; з захаду тавары йшлі на ўсход і на поўдзень — да баўгар па сярэдняй Волзе, у паўднёвую Русь, Бізантыю, у далёкую Арабію. Але Полаччына была ня толькі перадаўцай чужаземных продуктаў: яна сама здабывала продукты і пастаўляла на сусьветны рынак тавары свайго ўласнага вырабу. Лясы, пушчы і балоты нашай бацькаўшчыны гадавалі ў сваіх запаведных мясцох ваўкоў, лісаў, дзікаў, кунаў, бурых мядзьведзяў і г. д. Гэтыя зьвяры давалі чалавеку скуры і мех. У борцях па лясох працавалі пчолы і давалі жыхару, як і ў нашыя часы,