Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таго, яна сама зьбірала ў манастыры перапішчыкаў і перапішчыц. І вось такім спосабам той манастыр, дзе жыла і працавала Прадслава-Еўфрасіньня, стаў тым цэнтрам, ад каторага кнігі расходзіліся ва ўсе староны. Шмат кніжных людзей, дзякуючы працы манастыру, атрымалі магчымасьць чытаць кнігу, і асьвета пашырылася ў Полацкай Русі і ў суседніх з ёю славянскіх тэрыторыях. Праца Еўфрасіньні была, такім спосабам, тым дапаўненьнем да працы вучоных, без якого навука ня можа стаць культурным набыткам шырокага кола грамадзянства. Пад старасьць Прадслава зрабіла падарож у Палястыну, у Ерузалем. Там яна і памерла ў 1173 годзе.

ГАНДАЛЬ І СОЦЫЯЛЬНЫ СКЛАД ГРАМАДЗЯНСТВА

Сярод другіх промыслаў у жыцьці старажытнай Русі першае месца займаў гандаль. Магчымасьць гандлю і яго разьвіцьця залежала ад таго, што праз Русь таго часу рэчкамі праходзіў важны гандлёвы шлях. Гэта ёсьць так званы водны пуць «з Варяг в Грекі». Летапісец так апісуе гэтую гандлёвую артэрыю краю: «Бе путь із Варяг в Грекі і із Грек по Днепру, і верх Днепра волок до Ловаті, і по Ловаті вніті в Ільмен озеро велікое Нево, і того озера потечеть Волхов і втечеть в озеро велікое Нево, і того же озера внідеть устье в море Варяжское, і по тому морю іті до Ріма, а от Ріма пріті по тому же морю ко Царю-гораду, а от Царя-горада пріті в Понт-море, в него-же втечеть Днепр река».

Калі мы на географічнай карце пройдзем па шляху, які апісан тут, то пабачым, што летапісец добра ведае «великий водный путь», гандлёвую артэрыю краю. Гэта — вялікі шлях, які цягнецца на некалькі тысяч вёрст. Ён абкружае з захаду ўсю Эўропу морамі і Атлянтычным акіянам і перарэзвае ўсходнюю Эўропу рэчкамі з поўдня на поўнач. На гэтым шляху ляжыць шмат дзяржаў, шмат гандлёвых прыморскіх і прырэчных цэнтраў. Народ, што пануе на гэтым шляху,— ёсьць норманы-варагі, каторых добра ведаюць усе народы таго часу. Норманы — і гандляры, і воіны. Гэта дало ім магчымасьць быць першымі на шляху. Дзе можна — яны першыя розумам і практыкай гандляра, дзе няможна — яны першыя сваёю зброяю і фізічна-ваеннаю сілаю. Добра ведаюць норманаў-варагаў і