Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

шмат воску і мёду. Віўся хмель, залатою хваляю калыхалася жыта на палёх, каторыя ўжо пачалі зьяўляцца пасярод лясоў. У хатах сялян і мяшчан у кроснах жвава бегаў ткацкі чаўнок, на колах рабіліся гліняныя гаршкі. Розныя пароды дрэва давалі магчымасьць разьвіцьцю саматужнага (кустарнага) дравянога промыслу. Адным словам, край вырабляў свае ўласныя продукты, з якіх карыстаў наш продак, вывозячы лішкі на тыя рынкі, якіх так многа было на вялікім водным шляху. Аддаючы суседзям свае ўласныя продукты, наша бацькаўшчына ўзамену атрымлівала продукты з суседніх і нясуседніх краёў. Далёкія ўсходнія і паўднёвыя землі пасылалі сюды аксаміты, маністы, пацяркі, пярсьцёнкі, ліхтарні і г. д. Паўночная Скандынавія давала мячы, сякеры, пікі і др. мэталічныя рэчы з зялеза, бронзы, сталі і срэбра. Нямеччына пасылала сюды свае віны, сукны, бурштын і г. д. Гандаль вялікага воднага шляху багаціў нашу бацькаўшчыну. У Полацку, Смаленску і другіх гарадох было многа вельмі багатых людзей. Гандлёвыя людзі таго часу плацілі страшэнную моц усялякіх падаткаў, аброкаў і мытных збораў. Смаленскі князь, напрыклад, у пачатку XII сталецьця меў даход ад гандлёвых падаткаў амаль што ня 600.000 рублёў у год на нашыя грошы. І горад мог вытрымаць у сваім бюджэце такія расходы толькі па аплаце працы князя. Ня маючы сучасных банкаў, капіталістыя таго часу хавалі сваю грашовую маемасьць у зямлі. І вось скарбы бізантыцкіх і арабскіх грошай знаходзіліся аж да нашага часу па ўсіх абшарах Полацкай, Смаленскай і Тураўскай зямель. Смаленскія і полацкія гандляры не здаволіваліся мясцовымі рынкамі, іх капітал патрабаваў для сябе прастору эксплёатацыі. Гандляроў нашай бацькаўшчыны можна было спаткаць па ўсіх тэрыторыях Русі, у Бізантыі, Арабіі і Нямеччыне.

Чужаземныя гандляры, з свайго боку, забясьпечвалі ўплыў на Полаччыну чужаземнага капіталу. Найбольш быў організованы заходні нямецкі капітал. У канцы XII сталецьця немцы, таксама як і ў Ноўгарадзе, мелі свае «двары» ў розных гарадох Полаччыны. Асабліва грунтоўна прыстроіліся яны ў Смаленску. Тут, пры ўваходзе ў Дняпро ракі Рачоўкі, разьляглася іх слабада-сяліба, былі пабудованы вялізныя магазыны-склады і магазыны-крамы, хаты на загранічны лад, заможна й жвала ішло жыцьцё. Над слабадою