матэрыялаў для нашага пытаньня, але, угледзеўшыся ў каторае, мы бачым працяг Кіеўска-Полацкага змаганьня. Мы разумеем тут барацьбу, якая йшла паміж Уладзімерам і Яраславам Кіеўскімі, з аднаго боку, і Яраполкам Тураўскім[1] — з другога боку. Трэба разабрацца ў гэтай гісторыі, бо яна ня так ясна, як здаецца на першы погляд.
У часы Рагвалода Тураўская воласьць належала да Полацку. Уладзімер Кіеўскі, перамогчы Рагвалода, прылучыў Тураў з яго землямі да Кіеву, як асобную воласьць вялікакняжацкага пасаду. Разумеецца, што мясцовыя дрыгавіцкія князі тураўскія згубілі сваю незалежнасьць. Тураў зварачаў на сябе ўвагу князя кіеўскага, як быўшая воласьць Полаччыны. Апроч таго, Тураў быў распаложан на Прыпяці, каторая была водным шляхам на Захад. Заходнія ўплывы былі магчымы як у Тураве, так і ва ўсёй Полаччыне, дзякуючы такім рэкам, як Заходняя Дзьвіна, Нёман і Прыпяць. Гэтыя заходнія ўплывы рабілі Тураў тыповаю воласьцю Полаччыны. Што датычыць да Кіеўшчыны, то яна мела яўна выразны, чыста бізантыцкі, усходня-паўднёвы кірунак.
Калі мы зьвернем увагу на гэтую зьяву, то зразумеем, чаму кіеўскія князі заўсёды на тураўскім пасадзе трымаюць намесьнікамі сваіх старэйшых сыноў. Так было і ў часы Уладзімера. Намесьнікам тут сядзеў Сьвятаполк Уладзімеравіч, каторы павінен быў, па мысьлі бацькі, праводзіць у жыццё краю кіеўскі паўднёва-бізантыцкі кірунак. Але Сьвятополк ня спраўдзіў надзей Уладзімера. Ён хутка стаў паддавацца заходняму ўплыву. Ён, як вядома, ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава I, каторая была хрысьціянкай заходняга абраду. З ёю да тураўскага князя-намесьніка прыехаў заходні біскуп Рэйнбэрн. Апіраючыся на тураўцаў, каторыя добра памяталі незалежнасьць Тураўскай воласьці ад Кіеўшчыны, а таксама моцна спадзеючыся на вайсковую дапамогу цесьця свайго, караля польскага Баляслава, Сьвятаполк намерыўся адлучыцца ад Кіеўшчыны. Аднак-жа яго намеры ня спраўдзіліся. Уладзімер, даведаўшыся аб варожых плянах свайго старэйшага сына, раптам напаў на яго, схапіў яго самога, яго жонку і біскупа Рэйнбэрна і ўсіх для бясьпекі пасадзіў у «поруб». Разумеецца, што пасьля таго, што здарылася, Сьвятаполк ужо не мог быць тураўскім князем.
- ↑ Тут памылка друку. Далей у тэксце гаворка ідзе пра Святаполка Акаяннага.