Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

далейшыя часы ён выкарыстаў спрэчкі, якія пачаліся ў Кіеўшчыне паміж сынамі Сьвятаслава Кіеўскага — Яраполкам, Алегам і Ўладзімерам. Ён значна пашырыў тэрыторыю полацкага ўплыву на поўдзень, атрымаўшы верх у Тураўскім княстве, каторае дагэтуль цалкам залежала ад Кіеўшчыны.

Аднак моц Полаччыны хутка зьменшылася. У часы далейшай барацьбы сыны Сьвятаслава, Яраполк і Уладзімер, шукалі сабе дапамогі з боку Рагвалода. Дзеля гэтай мэты абодва браты дамагаліся рукі Рагвалодавай Рагнеды, каб політычны зьвязак зацьвердзіць сваяцтвам. Маладыя князі заслалі сватоў да полацкай княжны. Летапіс гаворыць, што Рагнеда, даведаўшыся, што Уладзімер быў сынам Сьвятаслава і рабыні, не захацела быць жаною рабыніча і з пагардай адказала так: «не хочу разуті рабыніча, а за Ярополка іду». Калі Уладзімеру перадалі адказ Рагнеды, ён у 980 годзе пашоў паходам на Полацк, разьбіў полацкае войска, зруйнаваў горад, забіў Рагвалода і яго двух сыноў, а Рагнеду забраў у Кіеў і прымусіў быць сваёю жонкаю. Ад яе ён меў чатырох сыноў і дзьве дачкі, старшы з сыноў быў Ізяслаў.

Нават тут, у палацы кіеўскага князя, ішоў працяг спрэчкі паміж Полацкам і Кіевам. Водгукі гэтай спрэчкі адчуваюцца ў Кіеўскім летапісе. Паданьне гаворыць аб тым, што Рагнеда не магла забыць сваёй крыўды і хацела раз забіць Уладзімера. Ён хапіўся за меч, каб засячы гордую палачанку, але маленькі Ізяслаў стаў таксама з мечам на заслону сваёй маткі. Гэты маленькі абаронец так спадабаўся Уладзімеру, што ён даў яму дзедзічнае[1] Полацкае княства. А для Рагнеды ён збудаваў каля Менску новы горад Ізяслаўль і адаслаў яе туды на жыцьцё (987 г.). Калі мы паміж радкоў перачытаем гэтае паданьне, то пабачым, што для кіеўскага князя было ня зусім бясьпечна трымаць каля сябе нават і жонку, калі яна была шчыраю палачанкаю. Ад Ізяслава і пачынаецца род гістарычных полацкіх князёў, каторыя завуцца Ізяславічамі. Поруч з гэтым часта летапіс называе полацкіх князёў «Рагваложымі ўнукамі».

Спрэчка паміж Полаччынаю і Кіеўшчынаю ня скончылася пры Уладзімеры з высылкаю Рагнеды. Яна прыняла толькі другую форму, ня выходзячы з сям’і вялікага князя кіеўскага. У летапісе мы чытаем адно апавяданьне, каторае, на першы погляд, як-бы і не дае

  1. Дзедзічнае — наследнае, дзедаўскае.