Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасьля таго, як у 1015 годзе памёр Уладзімер, Сьвятаполк, як старэйшы ў родзе, атрымаў права заняць кіеўскі вялікакняжацкі пасад. Гэта не магло спадабацца яго братом, каторыя былі ўзгадаваны ў другім кірунку. Паміж імі і Сьвятаполкам узьнялася барацьба вельмі крывавая. Кіеўскі летапісец, каторы стаяў на ўсходня-хрысьціянскім, чыста бізантыцкім грунце і бачыў у асобе Сьвятаполка прадстаўніка другога, варожага кірунку, чорнаю хварбаю малюе гэтага князя. Ён вінаваціць яго ў сьмерці братоў Барыса і Глеба, нават у тым, што ён меў намеры згубіць усіх братоў, і, урэшце, дае яму прозьвішча «Акаянны».

Справа кончылася так: браты, з Яраславам на чале, перамаглі Сьвятаполка. Яго выжылі з Русі, і ён павінен быў бадзяцца, як выгнанец, па замежных краёх, пакуль і не загінуў дзесь на чужыне, за тое, што быў у Кіеўшчыне прадстаўніком культурна-політычнага кірунку Полаччыны.

Барацьба паміж Полаччынай і Кіеўшчынай ідзе ў далейшыя часы. Яраслаў Мудры Кіеўскі змагаецца з Брачыславам Ізяславічам Полацкім, дзядзька з пляменьнікам. Вялікая спрэчка разгарэлася з-за Ноўгарада, каторы быў як-бы паўночным ключом воднага шляху з Варагаў у Грэкі. Мець у руках гэты ключ было вельмі важна. Хто меў гэты ключ, той меў магчымасьць замкнуць і адчыніць шлях тагочаснага гандлю і культуры. Апроч таго, спрэчка йдзе з-за ўладаньня двума гарадамі — Віцебскам і Усьвятам. Гэтыя гарады мелі таксама вялікае экономічнае значэньне. Той, хто ўладаў імі, ўладаў ключамі ад вышэйшага Падзьвіньня і меў надта важную частку вялікага шляху, дзе былі волакі паміж Дняпром і Заходняй Дзьвіной і Лавацьцю. Барацьба паміж Полацкай і Кіеўскай тэрыторыяй скончылся тым, што Кіеўшчына адмовілася ад прэтэнзій на Віцебск і Усьвят. Што датычыць да Ноўгарада, то пытаньне аб ім ня было выяўлена, усе-ж такі ён больш быў пад уплывам Кіеўшчыны.

З часу Брачыслава Полацкага змаганьне паміж тэрыторыямі становіцца нясупынным і бесьперарыўным. У летапісах гэта змаганьне адзначана як барацьба паміж Кіеўскімі Яраславічамі і Полацкімі Ізяславічамі. Апроч старой Рагвалодавай і Рагнедзінай крыўды паміж гэтымі тэрыторыямі лягло суперніцтва за ўплыў на Ноўгарад і за пяршынства ўва ўсходня-славянскім