Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ім рабілі наспу. Уклад хаўтурны крывіцкі быў найскладнейшы; гэтае гаворыць аб тым, што і культура іх павінна была быць вышэйшаю.

Па тых рэчах, што знаходзяцца ў курганох, ясна, што дзяды нашыя ня сквапны былі да вайны, ім больш падабалася мірная праца: земляробства, зьвералоўства і гандаль. Яны ўмелі ўжо ткаць на кроснах, ведалі бандарную і ганчарную справу. Былі сярод іх людзі заможныя, каторыя любілі хораша прыбрацца. На шыі яны насілі маністы з шкляных пацерак; часам бронзавых і срэбных, з размаітымі[1] падвескамі, добра апрацаванымі. Відаць, што пацеркі, вельмі штучна зробленыя, дзесь купляліся. Беларус нашага часу ня можа прыбрацца так багата і цікава, як маглі прыбрацца яго продкі, каторыя, па летапісу, «жівяху в лесе, яко-же всякій зверь». Проф. Завітневіч аб кургановых рэчах гаворыць так: «Курганные предметы Полесья по своему материалу ценнее, а по форме разнообразнее, затейливее, а иногда даже изящнее нынешних». І няма тут ніякага дзіва. Нашу бацькаўшчыну багаціў вялікі водны шлях з Варагаў у Бізантыю[2], па каторым ішоў сусьветны гандаль таго часу. У гэтым гандлі працавалі і мелі немалы заробак і нашы прародзічы. Цікава тое, што некаторыя рэчы, якія ўжываліся тады, ужываюцца і цяпер беларусамі нашага часу. Жыхар кургановага Палесься меў звычай падпяразвацца раменным паскам з шкураным кашэлікам, у каторым ён хаваў крэсіва, крамень, губку і ножык. Наш беларус некаторых паветаў Горадзеншчыны, Магілеўшчыны і Меншчыны таксама носіць пры сабе ў кашэліку на раменным паску такія самыя рэчы; толькі ён дадаў да іх, як чалавек нашае культуры, яшчэ тутун і люльку.

Чым вытлумачыць тое, што вестка летапісу аб някультурнасьці нашых прародзічаў так не падобна на весткі чужаземных сьведкаў курганоў? Трэба памятаць, што хто-б ня быў аўтар летапісу, ён быў манах, прадстаўнік новай культуры і новай веры, якая прасочвалася ў нашыя лясы з далёкай Бізантыі. Пэўна, што ўсё тое, што насіла на сабе адзнакі не яго культуры, аўтар лічыў някультурным. Шлюб, учынены водлуг звычаяў паганскай веры, яго не здавольваў, і летапісец піша, што ў продкаў нашых «брацы не бываху». Калі продкі нашы ў посны, па звычаі хрысьціянства, дзень елі скаромнае па сваім паганскім звычаі, манах летапісец кажа, што яны елі ўсё нячыстае. Такія здарэньні ацэнкі

  1. Размаітымі — неаднолькавымі, разнастайнымі.
  2. Вялікі водны шлях з Варагаў у Бізантыю — шлях з варагаў у у грэкі. Бізантыя — Візантыя.