Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

зьяўляюцца суглінкі і супяскі. Суглінак спатыкаецца ў паўночнай часьці Магілеўшчыны і Віленшчыны і ў паўночна-заходняй часьці Горадзеншчыны. Супескавы грунт бяднейшы за сугліністы і дае меншыя ўраджаі. Супясковае глебы на Беларусі больш чым сугліністае: яна спатыкаецца амаль па ўсёй Беларусі. Шмат ёсьць на Беларусі і пяскоў, асабліва каля вялікіх рэк. Найбольш пяскоў знаходзіцца ў паўднёвай Беларусі. Спатыкаюцца ў нас і падзолы, якія па сваёй ураджайнасьці стаяць яшчэ ніжэй ад пясковых глеб. Найчасьцей яны пападаюцца ў паўночнай Беларусі, напрыклад у старых Полацкім і Вяліскім паветах на Віцебшчыне. Самай ураджайнай глебай на Беларусі зьяўляецца гліністая, якая складаецца з 40 проц. пяскоў і 60 проц. гліны. Гліністых грунтоў найбольш спатыкаецца ў паветах Слуцкім, Наваградзкім, Менскім і Нэвельскім.

Шмат трэба ўлажыць у зямлю, каб дала яна кавалак хлеба. І беларус шчыра працуе. Ня гледзячы на невялікі ўзрост і пахілы склад, ён вытрыманы працаўнік. Гэта добра ведаюць усе, хто наймае на земляныя работы; добра ведае Амэрыка, бяручы з Беларусі работніка на цяжкую чорную працу. Найбольш прывязан сучасны нам беларус да ральніцтва. Ен, як кажа пясьняр Янка Купала, «пан сахі і касы». І толькі тады, калі няма ў беларуса гэтага панства, ён ідзе на другія работы.

Як і ўсе тэрыторыі, Беларусь мела сваё мінулае і павінна мець сваю гісторыю. Дагэтуль мала хто цікавіўся ёю, але рэволюцыйнае жыцьцё ўсё больш і больш прымушае нас ведаць гэтую гісторыю. Ужо недалёка той час, калі кожны грамадзянін Беларусі будзе ведаць гісторыю краю, бо без яе ён ня будзе сьвядомым грамадзянінам, ня будзе тварцом будучыны. Толькі гісторыя дае моцны грунт для політычна-соцыяльнай і культурнай творчасьці.