Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПЭРЫОДЫ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Ніколі не перарываецца людзкое жыцьцё. Як бягучая рэчка, цячэ яно з году ў год, з сталецьця ў сталецьце. Ніколі ня зьнікае творчая сіла чалавечай працы. Адны працаўнікі йдуць на адпачынак у сырую зямлю, і іх прымае магіла, другія нараджаюцца на сьвет, бяруць ярмо бацькоў сваіх, працуюць, змагаюцца і таксама йдуць да магілы. Працу гэтых людзей эксплёатуе капітал і яго прадстаўнікі. Гэты-ж самы капітал параджае організацыю працоўнай масы, формуе клясы і ўтварае дзяржаўныя групоўкі. Так ідзе людзкая праца, так робіцца гісторыя роду чалавечага.

Але год на год, сталецьце на сталецьце не падобна. У адны часы хутка, жвава йдзе праца. Організуюцца і ствараюцца соцыяльныя групы, пашыраецца і паглыбляецца культура сярод працоўных мас народу, здабываюцца новыя вартасьці як матэрыяльнага, так і духоўнага значэньня, вынікаюць тэорыі жыцьцёвага будаўніцтва,— наогул, ідзе шпарка гістарычны паступовы рух. У другія-ж часы справа стаіць іначай: рух жыцьця прыпыняецца, сілы народу заміраюць, хаваецца кудысь у глыбіню творчасьць люднасьці, соцыяльны і політычны ўціск руйнуе дзяржаўны будынак і прыгнятае працоўную масу.

Адным словам, прыглядзеўшыся з увагай да неперарыўнага, паступовага руху гісторыі народу, можна ўсё-ж такі знайсьці ў гэтым руху нейкія яго асаблівасці ў тыя ці іншыя эпохі. Грунтуючыся на такіх асаблівасьцях гістарычнага руху, можна зноў такі вызначыць у гісторыі народу пэрыоды яго жыцьця.

Разумеецца, што таксама стаіць справа і ў гісторыі Беларусі і яе народу.

Па асаблівасьці політыка-соцыяльнага і культурнага жыцьця беларускага народу гісторыю Беларусі можна падзяліць на чатыры пэрыоды: Полацкі, Літоўска-Беларускі, Польскі і Расійскі.

Пачынаецца больш-менш вядомае гістарычнае жыцьцё IX сталецьця на сярэдняй часьці вялікага воднага шляху «з Варагаў у Грэкі». Гэты шлях ёсьць шлях тагочаснай культуры і гандлю. Наймацнейшым княствам сярод нашых пляменьняў (крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў) было Полацкае. Незалежнае з пачатку гістарычных зьвестак, яно прымушана было кіеўскімі князьмі да залежнасьці ад Кіева. Але гэтая залежнасьць трымалася кароткі час і ня была агульнай поўнай залежнасьцю. Ужо з пачатку XI ста-