Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

праз увесь час свайго мінулага жыцьця ня зьлівалася з народнасьцямі другіх рас. Ня так было з вялікарусамі і ўкраінцамі: яны жылі пры такіх умовах, што ім немагчыма было зьберагчы свой старажытны этнографічны тып. Турка-мангольскія пляменьні праз некалькі вякоў ішлі праз паўднёвыя стэпы, у вялікім ліку аставаліся там і рабілі паходы як на паўднёвую, так і паўночна-ўсходнюю Русь. Многа вякоў і ўкраінцы і вялікарусы пражылі пад турка-мангольскім панаваньнем і іх этнографічным уплывам. На поўначы і на паўночным усходзе рускія пляменьні ў сваім расьсяленьні спаткаліся з фіна-манголамі. Вялікарускія пляменьні зьліваліся з фінамі і русыфікавалі іх. Гэтая гістарычная зьява цягнецца аж да нашага часу. Пэўна, што сумеснае згоднае жыцьцё з фіна-манголамі і русыфікацыя іх мелі свой адваротны бок, г. зн. этнографічны ўплыў фінаў на вялікарусаў. Што датычыць да беларусаў, то мы ведаем, што турка-мангольская лявіна да іх не дакацілася, а фіна-мангольскія пляменьні ня былі іх суседзямі. На беларусаў мог быць уплыў літоўскай і польскай крыві, і, пэўна, доўгае суседзтва і сужыцьцё з літвінамі зрабіла гэты ўплыў. Што датычыць да палякаў, то іх этнографічны ўплыў ня мог быць значным, бо палякі былі ў Беларусі вышэйшым, шляхоцкім станам. Тыя беларусы, якія зьліваліся з імі, былі прадстаўнікамі таксама шляхоцкага беларускага стану. З гісторыі нам вядома, што гэтыя беларусы адышлі ад свайго народу і сталі палякамі. Што датычыць да шырокіх мас беларусаў, то польскага ўплыву тут не магло быць: паміж панам-палякам і мужыком-беларусам была глыбокая соцыяльная прорва. З усяго вышэйпаданага мы бачым, што этнографічнага ўплыву мангольскай расы на беларуса ня было. Калі і прызнаць этнографічны ўплыў літоўскі і польскі, то гэты ўплыў быў невялікі; апроч таго, літвіны — такія-ж арыйцы, як і беларусы, а палякі — славяне, толькі заходняй галіны.

Клімат Беларусі вельмі вільготны. Лясы і балоты трымаюць гэтую вільгаць. Вільгаць тэрыторыі і вялікая плошча, занятая балотамі, доўгі час лічыліся вельмі шкадлівымі недахватамі краю. Але з гэтым можна згадзіцца толькі часткаю. Справа ў тым, што багацьце вільгаці бароніць тэрыторыю ад засухі, і на Беларусі немагчымы такія неўраджаі, як, напрыклад, на паўднёвым усходзе Расіі. З другога боку, калі гаварыць аб культурных магчымасьцях, аб магчымасьцях мэліорацыі, то трэба заўважыць, што асушыць куды лягчэй, чым абводніць, увільгоціць. Такім спосабам, для падняцьця культуры Беларусі ня прыдзецца траціць столькі сіл і коштаў, як краём з контынэнтальным кліматам.

Тэрыторыя Беларусі ня можа пахваліцца добраю глебаю: зямелька Беларусі, за выключэньнем некаторых паветаў,— малаўрадлівая. Найбольш пашыранымі грунтамі