Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Літву і Беларусь сваімі провінцыямі. Хутка пачынаецца цяжкая барацьба працоўных мас Літвы і Беларусі з белым польскім арлом. Падтрыманы Антантай, ён ідзе ў наступ. Хутка кіпці яго ўпіваюцца ў жывое цела рабоча-сялянскай Беларусі і Літвы.

З восені 1919 году на Беларусі пачынаецца Белапольская окупацыя. Войскі Пілсудзкага займаюць тэрыторыю Беларусі аж да Бярэзіны. «Начальнік» польскага гаспадарства вельмі шчодры на абяцанкі. Гэты абаронца Беларусі ад бальшавікоў усімі сіламі прагнецца прыцягнуць на свой бок беларускія нацыяналістычныя колы, што ў пачатку яму і ўдаецца. Зноў пачынае свае сходы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, адразу-ж расколваецца на дзьве часткі па пытаньні аб давер'і да польскай окупацыйнай улады. Левая частка Рады, прадстаўленая партыяй беларускіх с.-р. і партыяй беларускіх соцыялістых-фэдэралістых, абвясьціла давер'е польскаму ўраду і ўтварыла асобную Раду. Правая частка вынесла пастанову, што яна згодна працаваць з окупантамі, і назвала сябе «Найвышэйшай Радай». Левая Рада пакідае тэрыторыю Беларусі і пакіроўваецца ў Літву, дзе прадае сябе на службу ўраду белай Літвы. А окупанты на Беларусі рабілі сваё. Хутка нават члены правай Рады, што трымаліся польскай орыентацыі і аставаліся ў Менску, павінны былі пераканацца, што з Пілсудзкім кашы зварыць ня можна.

Паміж тым зьверствы, зьдзекі і эксплёатацыя окупантаў у адносінах да рабочых і сялян Беларусі падымаюць у краі шырокі падпольны рух, які мае ня толькі соцыяльны, але і нацыянальны характар. Раней пад кіраўніцтвам падпольных работнікаў Компартыі Беларусі заварушыліся рабочыя ў гарадох. Хутка заварушылася і вясковая бедната. Да гэтага часу яна мела слабую сувязь з комуністычным рухам, але цяпер яна зразумела, з кім трэба ісьці. Працу на вёсцы разам з Компартыяй і пад яе кіраўніцтвам пачынае весьці падпольная Беларуская Комуністычная Організацыя, што вырасла сама сабою на каранёх беларускай вёскі. Яна складаецца найчасьцей з сялян і вясковых настаўнікаў. Організацыя працуе ў поўным падпарадкваньні Компартыі. Толькі баявыя абставіны падпольля задзержваюць яе формальны прыём у партыю, каторы адложан да лепшых, больш спакойных дзён. Пад кіраўніцтвам Компартыі падпольны рух абхапляе ўсю тэры-