Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Рады Конгрэсу. Іх месца займае так званае «беларускае прадстаўніцтва г. Менску», вельмі правае па сваіх політычных і соцыяльных поглядах і складалася з зямляўласьнікаў, духавенства, чыноўнікаў і г. д. Правыя элемэнты Рады цягнуць яе на паклон да кайзара Вільгельма, ад якога Рада спадзяецца атрымаць апеку. Як вынік гэтага, 25 красавіка на імя Вільгельма пасылаецца тэлеграма, у якой Рада дзякуе яго за вызваленьне Беларусі ад бальшавікоў і просіць «імпэратарскую вялікасьць» аб абароне ў справе ўмацаваньня дзяржаўнай недалежнасьці і недзялімасьці краю ў зьвязку з Германскай імпэрыяй. «Толькі пад абаронаю Германскай імпэрыі бачыць край сваю добрую долю». Гэтая тэлеграма адкалола ад Рады нават тыя права-соцыялістычныя групоўкі, якія ў ёй былі. Асталося толькі некалькі чалавек «грамадаўцаў», каторыя забыліся, што лічацца соцыялістымі.

Між тым набліжаецца нямецкая рэволюцыя. Хвалі яе ўсё падымаюцца вышэй і вышэй. Яна нізьвяргае «яго імпэратарскую вялікасьць», крывавага кайзэра, вызваляе Беларусь ад окупацыі і разам з ёю і ад Рады. У сярэдзіне сьнежня 1918 году чырвоныя войскі вызваляюць Менск. Крыху пазьней, у дваццатых чыслах сьнежня, у Смаленску зьбіраецца VI паўночна-заходняя конфэрэнцыя Расійскай Компартыі. На працягу працы конфэрэнцыі выявілася, што партыя павінна дзеля бальшавізацыі беларускіх мас узяць у свае ўласныя рукі разьвязаньне нацпытаньня. Выходзячы з гэтых прадпасылак і маючы на мэце далейшы посьпех у барацьбе за Савецкую ўладу на Беларусі, конфэрэнцыя абвясьціла, што яна стаіць за ўтварэньне незалежнай Беларускай Савецкай Рэспублікі. Разам з тым яна абвясьціла сябе Першым Зьездам Комуністычнай Партыі Беларусі. Пасьля зьезду было абрана Цэнтральнае Бюро КПБ, каторае і пачало кіраваць партыйнай і савецкай працай на тэрыторыі Беларусі.

У ноч з 31 сьнежня 1918 году на 1 студзеня 1919 году быў выдан маніфэст да рабочых, беднага сялянства і чырвонаармейцаў Беларусі, каторы ўрачыста абвяшчаў утварэньне незалежнай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі Беларусі. У сакавіку маладая Савецкая Беларусь злучылася з Савецкай Літвой у адну Літоўска-Беларускую Савецкую Рэспубліку, каб лепш абараняць рабоча-сялянскія масы новых рэспублік ад толькі што адноўленай імпэрыялісткі — Польшчы, якая лічыла