Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

русі соцыяльнай рэволюцыі. 15 верасьня ў Менску адбываецца першая Паўночна-Заходняя Абласная Конфэрэнцыя партыі бальшавікоў. Конфэрэнцыя абгаварыла пытаньне аб збройным паўстаньні і абрала Паўночна-Заходні Абласны Камітэт Партыі. Праз тры тыдні сабралася яшчэ адна конфэрэнцыя партыі, якая прадстаўляла сабою каля 29 тысяч організованых членаў партыі і каля 30 тысяч прыхільнікаў. Партыя значна вырасла, яна ўжо гатова да перавароту на Беларусі.

Ужо 26 кастрычніка ў Менску ўтвараецца Ваенна-Рэволюцыйны Комітэт. К 1 лістападу ён ужо моцна забірае ўсю ўладу ў свае рукі. Вялікі Кастрычнік на Беларусі замацован. На Беларусі Кастрычніцкая рэволюцыя, разьвязаўшы соцыяльнае пытаньне, павінна была спаткацца і спаткалася з нацыянальным пытаньнем. Прынцып адзінага клясавага рэволюцыйнага фронту спатыкаецца з прынцыпам адзінага нацыянальнага фронту, на якім былі пабудованы нацыяналістычныя беларускія організацыі. На грунт адзінага нацыянальнага фронту стаў і Ўсебеларускі Конгрэс, каторы сабраўся ў сярэдзіне сьнежня 1917 году. Ён абвясьціў Беларусь Дэмократычнай Рэспублікай і разам з тым прызнаў Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў часоваю ўладаю на Беларусі. Мясцовай Савецкай улады ў асобе Абласнога Выканаўчага Комітэту Заходняга Фронту і яго камісараў Конгрэс ня прызнаў. Зразумела, што пасьля гэтага ён быў распушчан Абласным Комітэтам. Рада Конгрэсу схавалася ў падпольле і там распачала сваю працу, пакірованую проці мясцовай Савецкай улады. Нацыянальны рух на Беларусі, такім спосабам, адарваўся ад соцыяльнай рэволюцыі.

Савецкая ўлада на Беларусі не магла доўга астацца. На Ўсход пашыралася моцная кайзараўская армія, каторая і заняла Менск 25 лютага 1918 году. На Беларусі ў цэлым, на заходняй і ўсходняй яе частцы ўстанавілася нямецкая окупацыя. Рада Усебеларускага Конгрэсу выходзіць з падпольля. Адну за аднэй яна выдае тры ўстаўныя граматы. Апошняя з іх, прынятая Радаю 25 сакавіка 1918 году, абвяшчае Беларусь незалежнай народнай рэспублікай. Рада Конгрэсу абвяшчае сябе Радай Беларускай Рэспублікі. Пасьля гэтага з Рады выступілі прадстаўнікі земстваў і гарадоў, каторыя не згаджаліся з незалежніцкімі тэндэнцыямі