Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ражывала смутныя часы, вялікую соцыяльную і політычную разруху. На маскоўскі пасад быў абраны сын Зыгмунда Ўладыслаў. У разумнейшых політыкаў Рэчы Паспалітай, напрыклад, у вядомага гэтмана Жалкеўскага, вынік цікавы плян утварэньня славянскага гаспадарства, у склад каторага ўвашла-б і Масква і на чале каторага стала-б Польшча. Зыгмунд сапсаваў увесь імпэрыялістычны плян свайго гэтмана сваёй упартай каталіцкай політыкай. Ён больш цікавіўся пашырэньнем каталіцтва, чым пашырэньнем тэрыторыі гаспадарства.

У часы гэтага караля зноў на тэрыторыі Беларусі йшла крывавая вайна. З восені 1609 году да восені 1611 году йшла аблога Смаленску, і Зыгмунд з вялікім войскам стаяў пад горадам, пакуль урэшце ня ўзяў яго. Само сабой разумеецца, што гэтая армія кармілася тым, што можна было ўзяць з Беларусі. Потым на працягу 7 год праз Беларусь бесьперарыўна праходзілі войскі, каторыя йшлі ў Маскву і вярталіся адтуль у Польшчу. Усе гэтыя войскі таксама карміліся з Беларусі. Шмат народу было сарвана з тэрыторыі Беларусі як у рэгулярную армію, так і ў тыя прыпадковыя вайсковыя групы, каторыя з усіх канцоў цягнуліся праз Беларусь у Маскоўскае гаспадарства, каб там лавіць рыбу ў каламутнай вадзе. Трэба думаць, што мала хто з іх вярнуўся да сваёй хаты.

Толькі ў 1618 годзе ў невялічкай вёсцы Дзяўліне (каля Масквы і Тройца-Сяргееўскай лаўры) адбылося часовае замірэньне паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю. Па гэтым замірэньні Смаленск увашоў у тэрыторыю Рэчы Паспалітай.

Але барацьба ня скончылася. Справа ў тым, што Ўладыслаў, абраны раней на Маскоўскі пасад, не хацеў адрачыся ад сваіх праў на Маскоўскае гаспадарства. З гэтым ня мог згадзіцца рускі цар Міхаіл Раманаў, абраны на Маскоўскую пасаду ў 1613 годзе. Калі каралём Польшчы зрабіўся вышэйназваны Ўладыслаў (Уладыслаў IV, 1632-1648), змаганьне пашло зноў, і зноў гэтае змаганьне адбывалася на тэрыторыі Беларусі.

Моцнае Маскоўскае войска лікам у 32 тысячы людзей пачало руйнаваць Беларусь і аблажыла Смаленск. На дапамогу Смаленску з Польшчы прышоў Уладыслаў з арміяй, каторы і прымусіў масквічоў здацца. Вайна цягнулася і далей, але ўжо бяз усякай