Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

загінула ад пажару вялікая і каштоўная полацкая кнігарня. Сярод рукапісаў кнігарні загінулі такія цікавыя рукапісы, як, напрыклад, пераклад сьв. Пісаньня, напісаны рукою славянскіх апосталаў, братоў Кірылы і Мэфоды і летапіс Крывіцка-Полацкай зямлі. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што раней, калі Полацак ад Польшчы перашоў у рукі Івана Грознага, шмат чаго было вывезена ў Маскву. Усё гэта, зразумела, нанасіла вялікую шкоду Беларускай зямлі.

Праз нейкі час войскі Стэфана Баторага ўзялі другарадныя крэпасьці Сокал і Сугну, каторыя былі пабудованы Іванам Грозным, а таксама і гарады Вяліж, Усьвят і Вялікія Лукі. У 1582 годзе Баторы пачаў аблогу моцнай маскоўскай крэпасьці Пскову, каторай ён ня здолеў ужо ўзяць. Абедзьве дзяржавы пасьля некалькіх год змаганьня былі вельмі аслаблены вайною, і распачаліся ўзаемныя перагаворы аб згодзе. Згода, урэшце, была падпісана тэю і другою стараною ў 1582 годзе. Маскоўскае гаспадарства павінна было прызнаць перамогу Рэчы Паспалітай і аддало ёй усю Лівонію і гарады Полацак і Вяліж.

Што датыча да Беларусі, то для яе гэтая вайна карыснай не магла быць, бо руйнаваўся яе набытак, што добра відаць з разгрому Полацку. Яшчэ відней гэта стане, калі мы дабавім, што, згодна весткам сучасьнікаў, увесь край, больш чым на 50 вёрст вакол Полацку, зрабіўся за часы Лівонскай вайны лясною пушчаю. Зьніклі вёскі, зьніклі нівы, зьнік і чалавек, працаваўшы тут у ранейшыя часы. А гэты чалавек меў мазольныя рукі і быў беларускім селянінам і рабочым. Зноў прышлося многа гадоў працоўнаму люду будаваць жыцьцё, каторае было зруйнована імпэрыялістычнаю крываваю барацьбою Рэчы Паспалітай і Масквы.

Па сьмерці Стэфана Баторага зноў пачалося бескаралеўе, каторае цягнулася каля году. На пасад Рэчы Паспалітай магнатамі і шляхтай быў абраны Зыгмунд III Аўгуст (1587—1632) са швэдзкай каралеўскай фаміліі Ваза. Гэта быў выхаванец і прыхільнік езуітаў, вельмі добры каталік і надта няздольны кароль. Ен даваў кірунак сваёй чыннасьці ня паводлуг політычных, дзяржаўных мэт, а паводлуг свайго рэлігійнага настрою. Гісторыя адчыніла яму вялікія магчымасьці для ўплыву на жыцьцё Маскоўскага гаспадарства, але, дзякуючы сваёй някемнасьці політычнай, ён гэтых магчымасьцяй не скарыстаў як трэба. Масква якраз пе-