карысьці для Уладыслава. Пасьля двух год (1632—1634) вайны пачаліся перагаворы аб згодзе. Паслы Масквы і Рэчы Паспалітай зьехаліся на памежнай рэчцы Палянаўцы і падпісалі „вечную згоду“. Смаленск і другія гарады, згубленыя Масквою за часы смуты, засталіся зацьверджанымі за Рэчаю Паспалітаю. Уладыслаў, з свайго боку, адмовіўся ад праў на Маскоўскую пасаду. Здаволілася Польшча, здаволілася і Масква, але аб інтарэсах зьнішчанай Беларусі ніхто не паклапаціўся.
У палове XVII сталецьця скончыўся казацкі рух на Украіне. Ён скончыўся тым, што Украіна, на чале каторай стаў казацкі рэестравы старшыня, паддалася пад „цара ўсходняга праваслаўнага“. Дзеля гэтага ў часы кіраваньня польскага караля Яна Казімера (1648—1668) і маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1645—1676) зноў пачаліся войны паміж Масквою і Рэчаю Паспалітаю, а руйнавалася паводлуг звычаю зноў Беларусь, на тэрыторыі каторай ішло імпэрыялістычнае змаганьне. Руйнаваньне Беларусі йшло 17 год, з 1654 да 1667 году.
У Беларусь увашло маскоўскае войска амаль што ня ў 200 тысяч людзей. Яно разьбілася на чатыры часьці, Першая армія, на чале каторай стаяў сам цар, пашла на Смаленск і аблажыла горад. Другая армія праз усю цяперашнюю Віцебшчыну пашла на Полацак, трэцяя — на Магілеў, чацьвертая — на поўдзень ад Магілеву. Застагнала, задымілася ад надужыцьцяў і пажараў Беларусь, пакрылася крывёю чалавечаю. Уся праца спынілася; што было здабыта цяжкай працаю — руйнавалася. Найраней здаўся Смаленск, ваявода каторага Піліп Абуховіч быў падкуплены маскоўскім золатам. Цяпер былі насьцеж адчынены маскоўскаму войску вароты на ўсю Беларусь, і яно пашло ўперад, здабываючы ўсё новыя мясцовасьці і гарады. Прашло некалькі месяцаў, і ў руках маскоўскага гаспадара апынуліся гарады — Магілеў, Віцебск, Менск, Горадня, Коўна, Вільня і Трокі. У Троках быў забраны сілаю вядомы троцкі замак, каторага дагэтуль ніхто, нават і немцы ў свой час сілаю не маглі здабыць. І да нашага часу руіны гэтага замчышча сьведчаць аб працы маскоўскіх гармат. Усяго было ўзята Аляксеем Міхайлавічам больш чым 200 гарадоў, мястэчак і замкаў. Пасьля таго, як былі здабыты абедзьве сталіцы былога Літоўска-Беларускага гаспадарства — Вільня і Трокі, Маскоўскі гас-