Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

груп, каторыя былі большасьцю ў складзе брацтваў. На пастаноўку і абарону гэтага пытаньня брацтвы выдзялялі з сябе энергічнейшых, разумнейшых і вучонейшых людзей. Яны часта станавіліся на чале работы ў брацтвах і працавалі словам, пяром і друкарскім станком. Жыва йшла праца ня толькі рэлігійная, але і культурна-нацыянальная, якая стала ў зьвязак з рэлігійнаю. З гораду яна пашыралася і на вёску, адбіваючыся на вясковым, больш сьвядомым элемэнце насяленьня.

Але барацьба была няроўная. З захаду йшоў ня толькі культурны, але і політыка-соцыяльны ўплыў. У польскі бок пачынае цягнуць вышэйшая магнацкая кляса беларускага грамадзянства, манячыся «вольнымі хрысьціянскімі правамі каруны Польскай», каторыя даюць ім экономічную карысьць. Політыка-культурная опозыцыя беларуска-літоўскага магнацтва зьнікае, бо яна непрактычна для магнатаў. На кожным кроку мы спатыкаемся з такімі здарэньнямі, што сыны і ўнукі вядомых магнатаў-братчыкаў ужо пераходзяць у той політыка-культурны лягер, з якім змагаліся ў ранейшыя часы іх бацькі і дзяды (Астроскія, Хадкевічы і др.). З цягам часу ўсё больш і больш культурныя сілы з вышэйшых станаў адрываюцца ад тэй працы, якая іх цікавіла і здавальняла. Магнацка-шляхецкая беларуская інтэлігэнцыя кідае культуру працоўных мас народу, да якога яны належалі, і паварочвае ў польскі бок. На варце беларускай культуры асталіся «худыя і няслаўныя» клясы грамадзянства, каторыя разам з тым узялі на сябе і соцыяльную опозыцыю.

КАЗАЦТВА НА БЕЛАРУСІ

Брацтвы рабілі на Беларусі нацыянальна-культурную, а часткаю і політычную работу. На чале гэтай работы стаяла сьвядомая, інтэлігэнтная частка грамадзянства. Няграматныя і няпісьменныя масы ўцягваліся ў брацкую організацыю як пасыўны матэрыял. Яны жылі сваім цяжкім працоўным жыцьцём. Разьвіцьцё шляхецкіх вольнасьцяй лажылася вялікім цяжарам на рабочыя масы ў форме соцыяльнага ўціску й прыгону. Апроч таго, працоўныя масы, асабліва сялянства, разам з соцыяльна-экономічным уціскам перажывалі ўціск рэлігійны і нацыянальны. Апалячаны і акаталічаны магнат-шляхціц быў для працоўнай мужычай масы вяльможным панам і пражорлівым пры-