ціцца аб тым, каб патранат узяць у свае рукі, бо, маючы патранат над цэрквамі, манастырамі, брацтвы маглі рабіць вялікі ўплыў на жыцьцё царквы, а праз яе на шырокія колы грамадзянства. Патранат брацтваў і асобных братчыкаў у XVII сталецьці ўжо пашырыўся на многія цэрквы і манастыры. Вядома, напрыклад, што адзін толькі князь Астроскі быў патронам больш як 600 царквей. Патронамі былі і другія братчыкі-магнаты з літоўска-беларускай політычнай опозыцыі, менш заможныя, чым Астроскі. Калі царква ці манастыр не маглі атрымаць такога заможнага і багатага братчыка, як Астроскі, то апеку над ёю бралі другія парафіяне, каторыя для гэтай мэты складалі брацтва і ўходзілі ў сувязь з другімі брацтвамі. Лік брацтваў усё павялічваўся, шмат людзей з мяшчанскага і нават сялянскага станаў было ўцягнута ў гэтую ўтвораную жыцьцём організацыю. Паміж асобнымі брацтвамі йшлі жывыя зносіны, багацейшыя організацыі рабілі матэрыяльную дапамогу бяднейшым. Каб мець большую моц, брацтвы прагнуліся атрымаць ад патрыархаў так званую стаўрапігіяльнасьць. Сутнасьць стаўрапігіяльнасьці была ў тым, што ўстановы, што мелі яе, былі непадлеглымі ў адносінах да ўлады епіскапаў. Гэтая непадлегласьць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках — нават права ўмешвацца ў чыннасьць епіскапаў. Выдатнейшыя брацтвы, як, напрыклад, Львоўскае і Віленскае, стаўрапігію атрымалі.
У XVII сталецьці чыннасьць брацтваў дашла да вышэйшай ступені свайго разьвіцьця. Гэта былі моцныя і вельмі багатыя організацыі. Багацьці іх складаліся як з грошай, так і наогул з рухомай і нярухомай маемасьці. Бяднейшыя сябры брацтваў укладалі ў касу невялічкія ахвяры, затое багатыя сябры на патрэбы брацтваў апісвалі вялікія сумы, вялікія каштоўныя будынкі і шмат зямлі. Лік брацтваў з году ў год павялічваўся, і яны пакрылі тэрыторыю Беларусі даволі густою сеткаю. Пытаньні, каторыя ставіліся на агульных сходах брацтваў, датычылі ня толькі хатняга, унутранога жыцьця організацыі. Часта тут ставіліся і разглядаліся пытаньні, каторыя мелі агульна-дзяржаўны і агульна-грамадзянскі характар. Грунтоўнейшым і часьцейшым з гэтых пытаньняў было пытаньне аб абароне праваслаўнай веры і беларускай нацыянальнай культуры, як веры і культуры тых соцыяльных