Перайсці да зместу

Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шляхціц ці магнат-братчык у Вальным Сойме і на сойміках быў абаронцаю політычных, нацыянальна-культурных інтарэсаў братчыкаў, мяшчан і сялян, карыстаючы іх для сваіх політычных незалежніцкіх мэт.

З усіх бакоў, як з боку самых праваслаўных, так і з боку протэстантаў, мы маем весткі аб адсутнасьці адукацыі і нават бязграматнасьці духавенства. Васіль Цяпінскі, вядомы нам перакладчык эвангэльля на беларускую мову, гаворыць, што праваслаўныя сьвяшчэньнікі не атрымліваюць аніякай адукацыі і нават не разумеюць славянскай мовы, якой напісаны сьвятыя кнігі і ў якой адпраўляецца набажэнства. Брацтвам прышлося і найперш ад усяго зьвярнуць сваю ўвагу на гэты недахват жыцьця. Трэба было даць асьвету цёмным пастырам чалавечых душ, каб праз іх трымаць у сваіх руках масы. Для гэтай мэты трэба было ўтвараць школы і друкаваць кнігі. Брацтвы і асобныя братчыкі заснавалі на Беларусі шмат школ і друкарань, каторыя працавалі ў процівагу каталіцка-польскім школам і друкарням езуітаў. Асабліва многа зрабіў у гэтым кірунку князь Канстантын Астроскі. Яго багацтвы далі яму магчымасьць заснаваць для Беларусі вышэйшую духоўную школу ў г. Астрозе. Там-жа, пры духоўнай акадэміі, ён заснаваў вялікую кнігарню і добра абстаўленую друкарню. Вельмі цяжка было набраць профэсароў для беларускай вышэйшай школы. У беларускім грамадзянстве ня можна было знайсьці патрэбны лік вучоных людзей. Езуітаў таксама, па погляду Астроскага, ня можна было запрашаць на профэсарскія катэдры, каб ня ўпусьціць каталіцка-польскага ўплыву на студэнтаў. Не шкадуючы вялікіх коштаў, Астроскі выпісваў выдатных вучоных з Грэцыі і з Нямеччыны, і навука акадэміі расходзілася ня толькі па Беларусі, але прасочвалася ў Маскоўскае гаспадарства, зьявіліся школы і друкарні па другіх гарадох Беларусі. Асобныя братчыкі і цэлыя брацтвы, бяручы прыклад з Астроскага, таксама не шкадавалі коштаў на пашырэньне асьветы і адчынялі школы.

Вышэй гаварылася, што даўней на Беларусі быў пашыраны звычай так званага патранату заможных асоб і ўстаноў над цэрквамі і манастырамі. Часта патранат быў у руках такіх асоб і ўстаноў, каторыя карысталі з гэтага патранату для сваіх уласных асабістых мэт. Разумеецца, такі патранат царква лічыла шкадлівым для сваіх інтарэсаў. Вось брацтвы і пачалі клапа-